На скрыжаванні вуліцы Кабяка і праспекта Янкі Купалы, непадалёк ад чацвёртай бальніцы і Triniti, плануюць збудаваць гандлёвы цэнтр. Але гродзенцы на гэтым месцы больш хацелі б бачыць школу, забаўляльны комплекс для розных узростаў і нават агароды.
Новы гандлёвы цэнтр мусіць з’явіцца паміж свабоднай ад забудовы тэрыторыяй з дарожкамі і пасадкамі, праспектам Янкі Купалы, вуліцай Кабяка і лясным масівам ўрочышча Форт. Асноўны пад’езд да яго хочуць зрабіць па праектаваным праездзе ад вуліцы Кабяка. Перад уваходам будзе паркоўка на 92 машыны. Паводле плану ходнікі выкладуць з пліткі, усталююць сметніцы, лаўкі, на свабодных месцах зробяць газон.
Гандлёвы цэнтр павінен быць аднапавярховы, ламанай формы. Ён будзе складацца з трох аб’яднаных аб’ёмаў памерамі 20×30 м кожны, з двухсхільным дахам. У будынку плануюць размясціць пяць гандлёвых памяшканняў для нехарчовых тавараў і асноўную гандлёвую залу для прадуктаў. Таксама там запраектавалі кафэ на 35 месцаў.
Да гіганта Triniti ад ўчастка пад забудову ў 0,72 га — каля 600 м. Паміж імі - пад’езд да бальніцы № 4. Зараз на пляцоўцы каля скрыжавання расце некалькі дрэў, ёсць дарожкі, праўда, іншага добраўпарадкавання няма. Мясцовыя жыхары выгульваюць тут сабак. Побач, уздоўж ходніка — веладарожка.
«Чаму так шмат гавораць пра будаўніцтва гандлёвых цэнтраў або офісаў і так мала — пра новыя школы, садкі? Чаму б тут не пабудаваць новую школу? Плошчы дазваляюць, месца прыгожае, побач лес, ходзіць грамадскі транспарт. Не трэба вялікую, як у Альшанцы, але хай будзе ўтульная», — цытуе «Вечерний Гродно» маладую маці Юлію. Яна з сям’ёй жыве ў вышынным доме насупраць будучай будоўлі. Па яе словах, ужо зараз трапіць у першы клас у бліжэйшыя школы № 38 і 40 цяжка.
Алена жыве на вуліцы Хімікаў. Тут яна выгульвае сабаку і лічыць, што на ўчастку не хапае лавак, сметніц і біяпрыбіральні. «Калі ўпіхнуць будынак з паркоўкай, будзем замест лужка бачыць асфальт і чужыя машыны. Магазінаў у нашым раёне больш чым дастаткова», — лічыць жанчына. Пенсіянерка Марыя Іванаўна наогул прапанавала аддаць гэтую зямлю людзям пад агароды. «З нашымі пенсіямі нам не крамы патрэбныя, а градкі, якія нас пракормяць. Тут раней было калгаснае поле, ураджайнасць будзе добрая», — падзялілася яна ідэяй з журналістамі.
«Гродна патрэбны вялікі дзіцяча-юнацка-дарослы забаўляльны комплекс (пад адкрытым небам) для розных узростаў! Дзе можна лазіць, скакаць, ляжаць, стасавацца, адпачываць, стамляцца…», — лічыць гродзенка Юлія Каляда.
Інвестар вывучыў усе варыянты і ўпэўнены, што эканамічна мэтазгодна пабудаваць тут менавіта харчовую краму. Бізнэсмэн купіў надзел два гады таму. Ва ўмовах аўкцыёну значылася, што на ім трэба збудаваць аб’ект грамадскага прызначэння. Гэта прадугледжана ў Генплане Гродна.
Бізнесмен плануе зрабіць гандлёвы аб’ект у адрознай ад блізкага Triniti канцэпцыі. Для мясцовых жыхароў ён павінен стаць крамай у крокавай даступнасці, «дзе можна купіць любую групу тавараў».
Такая крама ў гэтым месцы будзе карысная, лічыць намеснік начальніка ўпраўлення будаўніцтва, архітэктуры і горадабудаўніцтва гарвыканкама Казімір Гецэвіч. Калі ж яна не апраўдае сябе з эканамічнага пункту гледжання, уладальнік зможа перапрафіляваць яе пад офісы або спартыўную залу, патлумачыў Гецэвіч «Вячэрняму Гродна».
Грамадскія абмеркаванні праекта працягнуцца да 3 траўня. Заўвагі і прапановы можна даслаць у пісьмовай і электроннай форме з паметкай «Грамадскія абмеркаванні» на адрасы:
Пасля грамадскіх абмеркаванняў праект чакаюць экспертызы і ўзгадненні. Толькі пасля іх прыступяць да будаўніцтва.
У мікрараёне «Вішнявец-2», за Triniti з боку Кляцкова, таксама збіраюцца будаваць гандлёвы цэнтр. Двухпавярховы будынак ламанай формы хочуць узвесці каля жылых дамоў № 25 і 35 па праспекце Кляцкова. Там таксама хочуць размясціць прадуктовую краму і гандлёвыя памяшканні з нехарчовымі таварамі пад арэнду.
На пытанне Telegram-канала Urban Hrodna «Што б вы хацелі бачыць у Вішняўцы?», якое з’явілася там пасля паста аб ГЦ на Кляцкова, 54% апытаных адказалі: «Новы сквер». Культурны або спартыўны цэнтр хацелі б там бачыць 15% удзельнікаў апытання, 8% - дзіцячую пляцоўку, 1% - пляцоўку для выгулу сабак. Яшчэ 2% лічаць, што гандлёвы цэнтр патрэбны, а 20% выбралі варыянт «Мне ўсё роўна, я там не жыву».
Чытайце таксама: Як будзе выглядаць офісны цэнтр на Вясенняй — адзін з чатырох, якога вы яшчэ не бачылі
Новы сувенір у выглядзе "раскладанкі" са знакавымі аб'ектамі Гродна ствараюць улады. Яго выканаюць у выглядзе…
Некалькі сотняў Дзядоў Марозаў, Снягурак, сабачак, вавёрачак і разнастайных іншых персанажаў 20 снежня прайшлі ад…
Трохпакаёвая кватэра знаходзіцца на вуліцы Савецкіх Пагранічнікаў. Сцены ў ёй абвешаныя рэпрадукцыямі, дзвярныя праёмы выкананы…
Спецыяльнае праграмнае забеспячэнне для сачэння за актыўнасцю ў камп'ютарах закупляе Гродзенскае агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі…
У Гродне рэканструююць тэрыторыю, прылеглую да вадаёма па вул. Рэпіна. Там жа ўладкуюць дзіцячую інклюзіўную…
У Гродне адкрылася выстава, прысвечаная мясцоваму ўраджэнцу мастаку Льву Баксту. Экспазіцыю размясцілі ў харальнай сінагозе,…