Анжаліку Арэхву, актывістку непрызнанага беларускімі ўладамі Саюзу палякаў у Беларусі, выклікаюць у міліцыю «на размову». Нагодай для выкліка палічылі размешчаную на яе старонцы інфармацыю, якая быццам бы прызнаная экстрэмісцкай, удакладніла Арэхва.
Абноўлена. У міліцыі Анжаліку Арэхву апыталі і склалі пратакол паводле арт 19.11 ч. 2 КаАП (распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі, уключанай у рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў, а таксама выраб, выданне, захоўванне або перавозка з мэтай распаўсюджвання такой інфармацыйнай прадукцыі), напісала яна. Артыкул прадугледжвае штраф ад 10 да 30 базавых велічынь, або грамадскія працы, або адміністрацыйны арышт да 30 сутак — з канфіскацыяй прадмета або прылады адміністрацыйнага парушэння ці без яе.
«Другі дзень Вялікодных святаў мусіў быць прыемным днём, праведзеным у коле сям'і. На жаль, адно тэлефанаванне сапсавала ўсё», — напісала яна ў Facebook. Па тэлефоне ёй паведамілі, што яна мусіць з’явіцца 19 красавіка ў міліцыю на размову.
«Я не ведаю, аб якой інфармацыі ідзе гаворка і чым скончыцца заўтрашняя размова. У наш час трэба быць гатовым да любых нечаканасцяў», — піша яна.
Анжаліка Арэхва — намесніца кіраўніка Рады непрызнанага ўладамі Саюза палякаў Беларусі. Раней некалькі гадоў узначальвала Саюз палякаў, была дырэктаркай і выкладчыцай у польскай школе. Муж Анжалікі Арэхвы — былы палітвязень, гродзенскі музыка Ігар Банцэр. У сужэнцаў двое непаўнагадовых дзяцей.
Чытайце таксама:
- «Я прайграю, але будзе весела». Віцебская «хімія» судзіцца з Ігарам Банцэрам
- «Уявіце, што я паехаў граць канцэрт». Анжаліка Арэхва расказала, як сям’я чакае вынікаў суда над Ігарам Банцэрам
Што адбываецца з польскай меншасцю ў Беларусі
Ціск на польскую меншасць у Беларусі ўзмацніўся ў сакавіку 2021 года. Беларуская пракуратура ўзбудзіла крымінальную справу за ўшанаванне антысавецкіх дзеячаў. МЗС Беларусі выслала з краіны консула ў Брэсце Ежы Цімафеюка, а пасля і генеральнага консула Гродна Яраслава Ксёнжыка.
У рамках так званай «справы палякаў» у Гродне затрымалі лідарку непрызнанага беларускімі ўладамі Саюза палякаў Анжаліку Борыс, журналіста і актывіста польскай меншасці Анджэя Пачобута, Ганну Панішаву і прадстаўніц грамадскіх польскіх школ у Лідзе і Ваўкавыску Ірэну Бернацкую і Марыну Цішкоўская. Апошніх трох сілавікі вывезлі ў Польшчу ў канцы траўня 2021 года. Перад гэтым ім далі падпісаць дакументы пра змену меры стрымання. Анжаліку Борыс перавялі з турмы пад хатні арышт 25 сакавіка. Анджэй Пачобут застаецца ў турме. Борыс і Пачобута абвінавачвалі па артыкуле 130 Крымінальнага кодэкса (Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці). Ім пагражае ад 5 да 12 гадоў зняволення. Іх прызналі палітвязнямі.
30 снежня 2021 года суд у Гродне абвесціў інфармацыйную прадукцыю сайта непрызнанага ўладамі Саюза палякаў у Беларусі «Znadniemna» экстрэмісцкімі матэрыяламі. У студзені 2022 года доступ да ресурсу з тэрыторыі Беларусі заблакавалі.
Нядаўна стала вядома, што ў польскіх школах у Гродне і Ваўкавыску з 2022 года выкладанне перавядуць на рускую мову. Польскай мовы і літаратуры пакінуць па адной гадзіне на тыдзень. Па-беларуску будуць выкладаць толькі гісторыю Беларусі і частку прадмету «Чалавек і свет».
Чытайце таксама: