У нядзелю 17 красавіка адзначаюць Вялікдзень каталікі. Напярэдадні ў касцёлах Гродна асвячалі кулічы і яйкі. Журналістка Hrodna.life паглядзела, як гэта было ў касцёле на Дзевятоўцы.

На вуліцы холадна — сем градусаў цяпла, разгуляўся вецер. Людзі спяшаюцца да апошняга вячэрняга асвячэння ежы, да 18.00. Многія прыходзяць з дзецьмі. У вокны прабіваюцца рэдкія прамяні сонца. Вернікі ўсаджваюцца на месцы, трымаюць кошыкі ў руках. Хтосьці прынёс з сабой ваду, хтосьці прыхапіў шакаладныя яйкі кіндэр-сюрпрыз. Акрамя яек і выпечкі ў кошыкі традыцыйна кладуць соль, а таксама вяндліну або каўбасу.

У звароце да вернікаў святар кажа не толькі пра Вялікдзень і веру. Сёлета ён просіць маліцца за мір і спыненне войнаў.