Імя гродзенца Аляксандра Дубко вырашылі прысвоіць Гродзенскай гарадской гімназіі на вуліцы Парыжскай Камуны. Гэта здарыцца ў траўні 2022 года.
З часу заснавання прэміі імя Дубко (з 1998 г.) навучэнцы гімназіі станавіліся яе стыпендыятамі 18 разоў, паведамляе«Гродна Плюс». Таксама ўстанова адукацыі супрацоўнічала з калгасам у Верцялішках, якім кіраваў Аляксандр Дубко. Зараз у гімназіі збіраюць матэрыял для будучай экспазіцыі, прысвечанай яму. З яе арганізацыяй дапаможа ўдава Аляксандра Дубко Эма Дубко. Плануюць адкрыць і дошку гонару.
Аляксандр Іосіфавіч Дубко нарадзіўся ў 1938 г. у в. Ілава Віцебскай вобласці. Скончыў гродзенскі сельскагаспадарчы інстытут (1960). Кіраваў калгасам «Прагрэс» у Верцялішках (1972−1995), быў дэпутатам Вярхоўнага Савета СССР (1984−1989) і БССР, старшынёй Гродзенскага абласнога Савета народных дэпутатаў. Узначальваў Гродзенскі аблвыканкам (1994−2001) да сваёй смерці. Дубко ўдзельнічаў і ў прэзідэнцкіх выбарах 1994 года, набраў 5,98%. Герой Беларусі (2001, пасмяротна), Герой Сацыялістычнай Працы (1982).
У Гродне ў гонар Аляксандра Дубко названая вуліца ў Ленінскім раёне, з 2001 года яго імя прысвоена прэміі Гродзенскага аблвыканкама адораным навучэнцам, штогод у горадзе праводзяць хакейны турнір у яго памяць.
У 2021 годзе ў Гродзенскай вобласці вырашылі ўсім установам адукацыі прысвоіць імёны людзей, якія зрабілі значны ўклад у гісторыю Беларусі. Падобная традыцыя існуе ў Польшчы. На працягу 2021/2022 навучальнага года школы, ліцэі і іншыя агульнаадукацыйныя ўстановы шукаюць інфармацыю, рыхтуюць праекты і музейныя экспазіцыі, прысвечаныя канкрэтным асобам. Ініцыятарамі новаўвядзенні сталі прадстаўнікі ветэранскіх арганізацый.
Канчатковае рашэнне аб прысвойванні імёнаў прыме мясцовая выканаўчая ўлада летам 2022 года. 17 верасня 2022 года імёны ўстановам адукацыі дадуць ва ўрачыстай абстаноўцы на Кургане Славы.
Гродзенскія гісторыкі назвалі гэтую ініцыятыву цікавай і супярэчлівай. З аднаго боку, яна можа спрыяць папулярызацыі знакамітых імёнаў Радзімы, з другога — зараз могуць абмежавацца імёнамі савецкага пантэона.
Першае імя прысвоілі ў гонар Дзяржынскага
Першай установай адукацыі, якой прысвоілі імя ў рамках ініцыятывы перайменавання школ Гродна, стала гімназія № 6. Зараз яна афіцыйна называецца гімназія імя Дзяржынскага.
Гродзенцы хацелі б бачыць школы, названыя ў гонар знакамітых жыхароў рэгіёну і Беларусі, паказала апытанне чытачоў у сацсетках. Называлі імёны Вітаўта, Давыда Гарадзенскага, Аляксея Карпюка, Яна Каханоўскага, Ларысы Геніюш, Ясінскага, Барыса Кіта, Юркі Голуба, Вольгі Корбут, Алеся Гостева, Васіля Быкава, Элізы Ажешкі, Стэфана Баторыя, Антонія Тызенгаўза. Амаль траціна апытаных чытачоў у в Telegram адказалі, што не разумеюць, навошта гэта трэба.