Паблізу дома № 19 па вуліцы Вясенняй з’явіцца будынак грамадскага прызначэння — адзін з чатырох, запланаваных у гэтым раёне. Тлумачым, што вядома пра праект і як разабрацца ў шматлікіх новабудоўлях, якія неўзабаве з’явяцца ў Пышкаў.
Праект бізнес-цэнтра з’явіўся ў Telegram-канале Urban Hrodna. Галоўныя фасады будынка будуць зашклёныя, трохі скошаныя для эфекту скатнага даху, сам жа дах — плоскім. Яго вырашылі будаваць больш сучасным, каб спалучалася з суседнімі будынкамі з плоскім дахам, запланаванымі паблізу. Адзін час архітэктары Гродна хацелі бачыць у той частцы горада ўсё з мансарднымі дахамі. Цяпер жа ад гэтага бачання адышлі, распавядалі на прэзентацыі праекта ў гарвыканкаме 9 сакавіка. Вышыня праектаваных будынкаў тут дазволена не больш за 12 метраў, Генплан прадугледжвае малапавярховую (2−3 паверхі) забудову.
Знешнія сцены ўзвядуць з ячэістага бетону. Вокны будуць ПВХ, вітражы — з алюмініевых профіляў, вонкавае аздабленне — палімерная тынкоўка з афарбоўкай.
Заезд на тэрыторыю офісніка арганізуюць з боку іншага будынка грамадскага прызначэння, які ўжо пачалі будаваць па суседстве. Да офіснага цэнтру падвядуць інжынерныя камунікацыі.
У будынку прадугледжаны дзве лесвіцы. Уваход абсталююць пад’ёмнікам для фізічна аслабленых людзей (вазочнікаў), на першым паверсе арганізуюць безбар’ернае асяроддзе. Другі і трэці паверхі праектуюць без доступаў для людзей з інваліднасцю, але будзе ліфт. У праекце закладзены офісы свабоднай планіроўкі. У падвальным паверсе таксама размесцяць офіс.
На ўчастку плошчай 0,1362 га ўладкуюць паркоўку на 15 месцаў. Для азелянення ўчастак засадзяць хуткарослымі клёнамі і туямі. На момант грамадскага абмеркавання велапаркоўку не прадугледжвалі.
Замоўца праекта і будаўніцтва — «Расмед», праекціроўшчык — «Гроднапраектбуд».
Грамадскія абмеркаванні праекта ўжо прайшлі. Вынікі падвядуць да 1 красавіка. Пасля ўзгаднення з гарвыканкамам праектную дакументацыю перададуць на дзяржэкспертызу. Будаўніцтва офіс-цэнтра могуць пачаць у чэрвені-ліпені 2022 года.
Чатыры бізнес-цэнтра і мікрараён. Як не заблытацца ў будоўлях на Вясенняй
Праз дарогу ад новага будынка на Вясенняй плануюць пабудаваць вялікі жылы комплекс з дамамі падвышанай паверхавасці. Праект забудовы ўжо рыхтуюць. Зараз на месцы будучага мікрараёна — прыватныя дамы. Імаверна, што іх жыхарам будуць у якасці кампенсацыі прапаноўваць кватэры ў новабудоўлях гэтага ж мікрараёна. Аўтары праекта дэталёвага планавання цэнтра з «БелНДІПгорадабудаўніцтва» прапануюць пабудаваць на кальцавым скрыжаванні шматпавярховы паркінг. Яго будаўніцтва запланавана да 2025 года.
Усяго на частцы вуліцы Вясенняй даўжынёй каля 300 метраў з боку Пышкоў павінна з’явіцца чатыры будынкі грамадскага прызначэння.
Побач з уваходам на Сцежку здароўя ўжо будуюць рэстаран з летняй тэрасай на даху. Сам будынак будзе двухпавярховы з плоскім дахам. Раней на гэтай пляцоўцы летам працаваў фургон з фастфудам. Будаўніцтва плануюць скончыць да вясны 2023 года, пісаў «Вечерний Гродно». Але на пашпарце аб’екта стаіць іншая дата — чэрвень 2022 года.
Крыху далей, за прыпынкам, каля дома па Вясенняй, 10, таксама будуюць бізнес-цэнтр.Трохпавярховы будынак з вітражным шкленнем плануюць адкрыць летам 2022 года. Там будуць офісы, гандлёвыя памяшканні і кропка грамадскага харчавання.
Права арэнды ўчастка на вуліцы Болдзіна, ля ўваходу на Сцежку здароўя, прадалі 15 сакавіка. Пакупнік — бізнесмен з Мінска. Ён адмовіўся расказаць, што плануе пабудаваць. На ўчастку плошчай 20 сотак можа з’явіцца кропка грамадскага харчавання або бізнес-цэнтр. Зараз на гэтым месцы паркуюць аўто.