Судовае паседжанне над палітзняволенай Сафіяй Сапегай пачалося ў 10.30 28 сакавіка ў Гродзенскім абласным судзе. Дзяўчыну будуць судзіць у закрытым рэжыме. Рэдакцыя Hrodna.life сабрала інфармацыю аб тым, што адбывалася ў судзе і каля яго.
Дзяржаўны абвінаваўца хадайнічала аб правядзенні закрытага судовага пасяджэння. Звязана гэта з тым, што ў ходзе разгляду крымінальнай справы будуць агучаныя персанальныя дадзеныя больш за 230 чалавек. Сярод іх – суддзі, пракурорскія работнікі, супрацоўнікі органаў унутраных спраў і іншыя. А таксама ў мэтах распаўсюду інфармацыі, якая носіць экстрэмісцкі характар, паведаміла БЕЛТА. Аб закрыцці справы хадайнічаў дзяржабвінаваўца, аргументаваўшы гэта тым, што “ў матэрыялах справы ёсць забаронены кантэнт”, піша Sputnik.by. Сапега падтрымала хадайніцтва, “бо ў яго ходзе могуць быць агучаныя персанальныя дадзеныя афіцыйных асоб”, напісала карэспандэнтка “Мінскай праўды” Дыяна Шыбкоўская.
Прапагандыст Ігар Тур паведаміў, што пасяджэнне будзе закрытым “як мінімум з-за матэрыялаў, якія носяць непублічны характар”.
Справу разглядае суддзя Віктар Сянько, дзяржабвінаваўца – Наталля Сакалова. Судовая калегія палічыла магчымым і неабходным задаволіць хадайніцтва дзяржабвінаваўцы “ў інтарэсах бяспекі пацярпелых, сведак і іншых удзельнікаў працэсу”, паведаміў s13.ru.
Міліцыя – у будынку і каля будынку суда
Слухачоў не ўпусьцілі ў будынак суду, спаслаўшыся на тое, што зала пасяджэнняў ўжо зачынена. Пры гэтым па часе пасяджэнне яшчэ не пачалося. Прычыну ранняга закрыцця не патлумачылі. Каля суда ў гэты час стаялі каля чатырох мужчын у цывільным, падобных да міліцыянтаў. Таксама ў будынку суда заўважылі начальніка міліцыі грамадскай бяспекі УУС Гродзенскага аблвыканкама Віталя Стасюкевіча. Двое міліцыянтаў у форме патрулявалі будынак суда. Дзяржаўную прэсу – Sputnik. by, “Беларусь 4”, “АНТ” – у суд прапусцілі.
Сафію затрымалі год таму
Сафію Сапегу затрымалі 23 траўня 2021 года разам з Раманам Пратасевічам. Іх знялі з прымусова пасаджанага ў Беларусі рэйса Ryanair. Спачатку яе абвінавацілі ў адміністраванні “экстрэмісцкага” Telegram-канала “Чорная кніга Беларусі” , дзе публікуюцца асабістыя звесткі сілавікоў. Потым ёй прад’явілі абвінавачанне па сямі артыкулах Крымінальнага кодэкса.
Расследаванне яе справы праводзілі ў Мінску, але перадалі на разгляд у Гродна — магчыма, таму, што Сапега прапісаная ў Лідзе. Сафія Сапега заключыў дасудовае пагадненне са следствам. У снежні 2021-га яна напісала прашэнне аб памілаванні Аляксандру Лукашэнку. Таму ёй пагражае шэсць гадоў зняволення – замест 12. Яна прызнана палітзняволенай.




