Крымінальную справу супраць грамадзянкі Расіі Сафіі Сапегі перадалі ў Гродзенскі абласны суд. Дата судовага пасяджэння пакуль невядома. Пра гэта 14 студзеня паведаміла БЕЛТА.

Сафію Сапегу, якую затрымалі разам з Раманам Пратасевічам, будуць судзіць у Гродне
Сафія Сапега. Крыніца: delfi. lt

У чым абвінавачваюць Сапегу

Сапегу абвінавачваюць па сямі артыкулах Крымінальнага кодэкса:

  • Распальванне сацыяльнай варожасці;
  • Незаконныя дзеянні ў адносінах інфармацыі аб прыватным жыцці і персанальных дадзеных;
  • Арганізацыя гвалту і пагрозы ў адносінах супрацоўнікаў органаў унутраных спраў;
  • Арганізацыя ўмяшальніцтва ў дзейнасць супрацоўніка органаў унутраных спраў;
  • Арганізацыя гвалту і пагрозы яго прымянення ў адносінах да службовай асобы, якая выконвае грамадскі абавязак, арганізацыя пагрозы ў адносінах да суддзі;
  • Арганізацыя перашкодаў законнай прафесійнай дзейнасці журналіста.

Па словах пракуратуры, у якасці сродкаў здзяйснення злачынстваў Сапега выкарыстоўвала мабільны тэлефон iPhone 12 Pro Max, ноўтбук Apple Macbook Air і іншую камп’ютарную тэхніку.

Хто такая Сафія Сапега

Сафію Сапегу затрымалі 23 траўня ў мінскім аэрапорце разам з Раманам Пратасевічам — былым рэдактарам прызнанага ў Беларусі экстрэмісцкім telegram-канала. Для іх затрымання экстранна пасадзілі самалёт кампаніі Ryanair, які ляцеў з Грэцыі ў Літву.

Сапегу абвінавачваюць у тым, што яна была рэдактаркай Telegram-канала «Чёрная книга Беларуси». Там публікуюць прыватную інфармацыю сілавікоў.

У чэрвені 2021 года Сапегу перавялі з СІЗА пад хатні арышт. У снежні 2021 года яна напісала прашэнне аб памілаванні на імя Аляксандра Лукашэнкі.