Некаторых дэталяў для аўтамабіляў у Гродне будзе не купіць. Цэны павышаюцца нават на наяўны тавар. Ён быў набыты за валюту, і працаваць у мінус прадпрымальнікі не хочуць. Аўтаўладальнікі выбіраюць былыя ва ўжыванні запчасткі ці рамантуюць зношаныя расходнікі. Тым не менш, цэны на непасрэдна працу бізнесмены пакуль не паднялі. Два ўладальніка бізнесу па абслугоўванні аўтамабіляў распавялі Hrodna.life, што адбываецца ў гэтай сферы з пачатку вайны і абвяшчэння санкцый.

Выраслі цэны на наяўны тавар

Міхаіл ужо 11 гадоў займаецца продажам і ўстаноўкай гаджэтаў для аўтамабіляў: аўдыё-і відэасістэм, камер і відэарэгістратараў. Апошнія некалькі гадоў ён купляў тавары ў Расіі. Так прасцей і танней, чым заказваць з Еўропы. Але праз эканамічныя санкцыі, накладзеныя на краіну, бізнес Міхаіла пачаў адчуваць праблемы.

«У мяне заканчваецца тавар, хутка трэба будзе ехаць закупляцца, але многіх марак ужо не купіць. Да мяне сёння заходзіў кліент — на яго машыну камер ужо не будзе, прыйдзецца „метадам тыка“ падбіраць камеру і „калгасіць“ [саматужная ўстаноўка запчасткі, якая не пасуе для дадзенага аўто, — Hrodna.life]. Мабыць, праз дэфіцыт так прыйдзецца рабіць часта». За ўстаноўку або рамонт аўтагаджэтаў Міхаіл кошт падымаць пакуль не збіраецца.

Праз змены курсу валют прадпрымальнік вымушаны быў падняць цэны ўжо на існуючы тавар: «Я купляў тавар за валюту і мне не выгадна яго прадаваць цяпер сабе ў мінус». Міхаіл сцвярджае, што і іншыя прадпрымальнікі паднялі кошты на свае тавары.

За ўстаноўку або рамонт аўтагаджэтаў Міхаіл кошт падымаць пакуль не збіраецца.

Павышаны попыт на запчасткі б/в — гэта танней

Мікалай сем гадоў таму адкрыў сэрвіс па абслугоўванні аўтамабіляў і сцвярджае, што ўжо за месяц адчуў цяжкасці ў працы:

«Падаражэлі запчасткі для аўтамабіляў, алею таксама. Гэта ўсё праз курс. Аптавікі паднялі кошты, за імі паднялі кошты фірмы-пастаўшчыкі, у якіх мы закупляем запчасткі, патрэбныя для абслугоўвання або рамонту машыны кліента».

Чытайце таксама: «Пакуль ішоў да банка — курс вырас, і грошай не хапіла». Як гродзенскі бізнес выжывае ў час вайны і санкцый

Кошты менавіта за працу прадпрымальнік вырашыў пакуль не падымаць, хоць многія канкурэнты ўжо гэта зрабілі: «Затое да нас едуць людзі абслугоўвацца і мне ёсць чым плаціць сваім супрацоўнікам». За месяц Мікалай і яго супрацоўнікі заўважылі павышаны попыт на запчасткі б/в. Калі раней аўтаўладальнікі згаджаліся на замену зношанага расходніка або запчасткі на новыя, то зараз пачасціліся выпадкі, калі ўладальнік рэстаўруе старую запчастку:

«Гэта не дзіўна ў сённяшняй сітуацыі. Адрэстаўраваць шаравую, наканечнік або стойкі стабілізатара [складнікі падвескі аўтамабіля — Hrodna.life] у два разы танней, чым купляць новыя».

Якія цяжкасці ў іншага бізнесу?

Гродзенскія прадпрымальнікі адчулі на сабе дзеянні санкцый. Абясцэніліся ганарары ў расійскіх рублях. Напрыклад, распрацоўшчык настольных гульняў Антон Янкоўскі за адну з іх мінулых гульняў атрымаў 30 000 расійскіх рублёў. Да вайны гэта было прыкладна 1000 беларускіх рублёў, сёння — 600. З ростам курсу валюты арэнда ў барбершопе паднялася на траціну: з 1200 рублёў да 1850 рублёў за месяц. Папера падаражэла амаль удвая — прыватныя друкарні рызыкуюць зачыніцца.