Выставу “Дэмаграфія” гродзенскага мастака-манументаліста Сяргея Грыневіча адкрылі 17 сакавіка ў Мінску. Але сем твораў не былі выстаўленыя з-за цэнзуры. Пра гэта мастак расказаў на сваёй старонцы ў Facebook. Там жа ён апублікаваў творы не прадстаўленыя на выставе. Некаторыя з іх аўтар зняў яшчэ раней – “на этапе самацэнзуры”.

“Я не разумею іхніх матываў”. Творы гродзенскага мастака не прайшлі цэнзуру на выставе ў Мінску
Твор Сяргея Грыневіча які не прайшоў цэнзуру. Крыніца: Старонка мастака ў Facebook.

“Гэта адбываецца рэгулярна і я не разумею іхніх [цэнзараў – заўв. Hrodna.life] матываў, бо ніколі не прысутнічаў пры гэтым працэсе [цэнзуравання – заўв. Hrodna.life]”, – сказаў Сяргей Грыневіч для Hrodna.life.

Некаторыя творы аўтар сам не прапусціў праз самацэнзуру. Прычына – зала Палаца мастацтваў, дзе адбываецца выстава. Яна належыць Саюзу Мастакоў у якога, па словах Грыневіча, “цяпер і так нялёгкія часы”.

Чаму “Дэмаграфія”?

Назва выставы – “Дэмаграфія”. Мастак выбраў яе, бо гэта “глабальная праблема для чалавецтва, а для нашай краіны асабліва вострая”. “Там аб’яднана некалькі розных праектаў, але ва ўсіх чалавек на першым месцы”, – сказаў Сяргей Грыневіч.

У Гродне правесці выставу немагчыма

У Гродне правесці выставу немагчыма, бо няма адпаведнай прасторы, тлумачыць мастак. А яшчэ ён не ўпэўнены, што ў “пэўных колах” яна будзе пажаданай.

Чытайце таксама: Сяргей Грыневіч адкрыў выставу пра ўнутраную эміграцыю з «неліквіднымі» карцінамі

Выставу можна ўбачыць у Палацы мастацтваў у Мінску на вуліцы Казлова, 3. Яна будзе працаваць да 3 красавіка 2022 года. Час працы з 11:00 да 20:00. Панядзелак – выхадны.

Сяргей Грыневіч нарадзіўся ў 1960 годзе ў пасёлку Краснасельскі ў Гродзенскай вобласці. Вучыўся ў Рэспубліканскай школе-інтэрнаце па музыцы і выяўленчым жывапісе і ў Беларускай акадэміі мастацтваў. Выстаўляецца з 1982 года. Правёў больш за 60 персанальных выстаў па ўсім свеце, удзельнічаў у калектыўных праектах.

У ліпені 2021 года Сяргей Грыневіч заняў першае месца на рэспубліканскім фестывалі манументальнага-дэкаратыўнага мастацтва «MONUMENT-21» у намінацыі «Майстэрства». 

Чытайце таксама: «Калі “нашы” прыйдуць да ўлады, стану ў апазыцыю». Сяргей Грыневіч пра швейцарскую майстэрню, драныя джынсы і смерць Кудзіна