ГУП «Тытунь», заснавальнікам якога з’яўляецца Гродзенская тытунёвая фабрыка «Нёман», плануе вырабляць аднаразовыя папяровыя кубачкі. На станок па іх вытворчасці прадпрыемства плануе выдаткаваць 2 млн рублёў. Пра гэта стала вядома з сайта дзяржзакупак.
«Тытунь» шукае лінію па вытворчасці і запакоўцы аднаслойных аднаразовых папяровых стаканчыкаў. Яна павінна прадукаваць да 220 стаканчыкаў у хвіліну. Мінімальная хуткасць — 170 у хвіліну.
У закупачную цану ўключылі шэф-мантаж, пуска-наладачныя працы, запчасткі, навучанне супрацоўнікаў і здачу ў эксплуатацыю. Паставіць лінію павінны да 1 чэрвеня 2022 года.
Чым займаецца «Тытунь»
Гандлёвае прадпрыемства «Тытунь» стварыла ў канцы 2013 года Тытунёвая фабрыка «Нёман». Спачатку прадпрыемству належалі кіёскі «Табакерка», што масава пачалі з’яўляцца ў Гродне і іншых гарадах Беларусі ў 2014−2015 гадах. Але ў снежні 2017-га на нарадзе ў Аляксандра Лукашэнкі было вырашана, што сеткай кіёскай павінна валодаць кампанія «Энерга-Оіл» Аляксея Алексіна. Кіёскі перадалі ёй у арэнду.
Зараз, згодна з інфармацыяй на сайце кампаніі, «Тытунь» валодае праектным бюро, медычным цэнтрам, аказвае паслугі паліграфіі, экспедыцыі і клінінгу.
Якія яшчэ праекты хоча запусціць тытунёвая фабрыка
Тытунёвая фабрыка «Нёман» у чэрвені 2021 года вырашыла пабудаваць каскадныя сажалкі для гадавання фарэлі. Іх планавалі зрабіць у Пышках у прыбярэжнай зоне Нёмана. Але пакуль не знайшлося пастаўшчыка перадпраектнай дакументацыі.
Таксама тытунёвая фабрыка плануе пабудаваць ля Альшанкі тыпаграфію для друку абгортак для пачкаў цыгарэт. Будаўніцтва запланавана на 2022 год. Абсталяванне і сыравіну плануюць імпартаваць, бо вытворчасці патрэбных у Беларусі няма. Прыкладнаца цана праекта — $ 30,5 млн.
Чым яшчэ «няпрофільным» займаецца тытунёвая фабрыка?
Тытунёвая фабрыка «Нёман» вырабляе бытавыя маскі, перавозіць грузы, валодае гасцініцай «DRIVE-HOTEL», базай адпачынку «Привал», паляўнічай гаспадаркай і рыбалоўнай гаспадаркай у структуры аграэкатурыстычнага комплексу «Белый Лось».
Чытайце таксама:
Ш — Шарашэўскі. 5 фактаў пра заснавальніка тытунёвай фабрыкі ў Гродне
Тытунёвая фабрыка «Нёман» спадзяецца знайсці замену сыравіне з ЕС у Кітаі