У Гродне хочуць пабудаваць каскадныя сажалкі для ўтрымання фарэлі. Яны могуць з’явіцца ў Пышках у прыбярэжнай зоне Нёмана. Праектам займаецца Гродзенская тытунёвая фабрыка. Пра гэта стала вядома з сайта дзяржзакупак.

Каскадныя сажалкі - гэта сістэма вадаёмаў, размешчаных на розных узроўнях і аб’яднаных скразным цячэннем вады. Такія сажалкі побач з Гродна можна ўбачыць у сядзібна-паркавым комплексе «Радзівілкі». Вось як яны выглядаюць.

Гродзенская "табачка" хоча разводзіць фарэль
Каскадныя сажалкі ў Радзівілках. Фота: lookmytrips.com

Дзве каскадныя сажалкі ў жалезабетонных чашах размесцяцца на ўчастку памерам арыентыровачна 60×20м. Перапад па вышыні складзе шэсць метраў. Заказчыкі адзначаюць, што для ўтрымання фарэлі неабходная чыстая, праточная вада з тэмпературай ад +3 да +20°С. Прыбярэжную зону Нёмана добраўпарадкуюць. Таксама ў прапановах трэба прадугледзець аэрацыю сажалак.

Грошы возьмуць з уласных сродкаў

Як будуць выкарыстоўвацца сажалкі і ці змогуць там гуляць гараджане, вырашаць на стадыі праектавання, распавялі Hrodna.life ў аддзеле капітальнага будаўніцтва фабрыкі. Навошта вырашылі стварыць такі праект і хто яго прыдумаў, у аддзеле не раскрылі — гэта «камерцыйная таямніца».

Так як будаўніцтва плануецца ў водаахоўнай зоне, праект чакае абавязковая Дзяржаўная экалагічная экспертыза.

Перадпраектная дакументацыя, згодна з закупкай, каштуе 19 500 BYN. Іх тытунёвая фабрыка возьме з уласных сродкаў. Заяўкі прымаюць да 17 чэрвеня.

Чым яшчэ «няпрофільным» займаецца тытунёвая фабрыка?

Таксама «Нёман» вырабляе бытавыя маскі, перавозіць грузы, валодае гасцініцай «DRIVE-HOTEL», базай адпачынку «Привал», паляўнічай гаспадаркай і рыбалоўнай гаспадаркай у структуры аграэкатурыстычнага комплексу «Белый Лось».