Права арэнды ўчастка на скрыжыванні вуліц Дзяржынскага і Курчатава, каля скульптураў герояў фільма «Белыя росы», прадалі 15 сакавіка. Пакупнік — бізнесовец з Мінска. Пра гэта паведаміла газета «Вечерний Гродно».

Участак плошчай 23 соткі знаходзіцца паміж міні-рынкам «Дзевятоўка» і новабудоўляй на вуліцы Курчатава, 22. Яго здалі ў арэнду на 50 гадоў. Паводле ўмоваў аўкцыёну там трэба пабудаваць рэстаран альбо кафэ.

Мінскі бізнесовец набыў участак на Дзевятоўцы за 40 000 рублёў: там пабудуюць рэстаран альбо кафэ
Участак пад будаўніцтва рэстарана альбо кафэ. Скрыншот Hrodna. life

Уласна таргі не адбыліся, бо на аўкцыён зарэгістраваўся толькі адзін удзельнік. Паводле правілаў, у такім выпадку ўдзельнік купляе аб’ект за пачатковую цану +5% ад яе. Пачатковая цана ўчастка — 39,4 тыс. рублёў. Канчатковая склала 41,4 тыс. рублёў.

Такая ж сітуацыя склалася ў той жа дзень на аўкцыёне па продажы ўчастка ля Пышкоў. Там таксама адзіным пакупніком апынуўся прадпрымальнік з Мінска.

Цана за права арэнды — не адзіныя выдаткі

Інвестару трэба будзе кампенсаваць выдаткі Гродзенскай гарадской ЖКГ за спілоўванне дрэваў, знос тратуараў і апораў асвятлення, размешчаных на арандаваным участку. Камунальшчыкі ацанілі выдаткі ў 15 тыс. рублёў.

Драўляныя скульптуры — апошні напамін пра колішнюю вёску

Скульптуры герояў фільма «Белыя росы» усталявалі на скрыжыванні вуліц Курчатава і Дзяржынскага ў траўні 2018 года. У 1983 годзе тут здымалі знакамітую савецкую камедыю. Па яе сюжэце вёска адступала пад ціскам горада. Праў 35 гадоў лёс кінавёскі паўтарыла вёска сапраўдная. На месцы апошніх дамоў пабудавалі шматпавярховікі.

Мінскі бізнесовец набыў участак на Дзевятоўцы за 40 000 рублёў: там пабудуюць рэстаран альбо кафэ
Скульптуры і будоўля на месцы вёскі, 2018 г. Фота: Hrodna. life