Дваім з затрыманых 10 сакавіка на судзе над Пушкіным прысудзілі па 15 сутак адміністрацыйнага арышту. Аднаго з іх абвінавацілі ў пікетаванні вокладкай пашпарта з Пагоняй. Агулам 10 сакавіка затрымалі трох чалавек.

Пры ўваходзе ў будынак суда людзей абшуквалі. У заплечніку Віталя Борыса была вокладка пашпарта з выявай Пагоні, паведамляе канал «Б***сат». На судзе сказалі, што мужчына размахваў пашпартам з Пагоняй, што расцанілі як пікет. Сведкамі былі два супрацоўнікі міліцыі. Асуджаны запатрабаваў відэа, але камеры ў той момант не працавалі. Мужчыну пакаралі 15 суткамі.

Другі асуджаны — мастак Алесь Цыркуноў. Ён таксама атрымаў 15 сутак адміністрацыйнага арышту, паведамляе канал BY-culture. На суд над Пушкіным ён прыйшоў з бела-чырвона-белай і жоўта-блакітнай стужкамі на адзенні.

Паводле праваабаронцаў з «Вясны», усяго на судзе над Алесем Пушкіным 10 сакавіка затрымалі траіх чалавек.

Мастака Алеся Пушкіна пачалі судзіць 10 сакавіка ў Мінскім гарадскім судзе. Справу разглядае суддзя Алена Шылько, дзяржабвінаваўца — Аляксандр Кароль. У пачатку працэсу мастак зладзіў перформанс. У залу яго занеслі, бо ён адмовіўся ісці сам. Пасля ён застаўся ляжаць на лавачцы адвярнуўшыся, апісаў у Facebook адзін з прысутных на судзе, Ігар Карней. Таксама мастак заявіў адвод судовай калегіі, дзяжабвінаваўцу і новаму адвакату — «бо цяпер гэта дэкаратыўны „фігавы лісток“». Суд не задаволіў хадайніцтва. Прысутных выдалялі з залы. За некалькі слоў выдалілі нават жонку Пушкіна Яніну.

Па рашэнні суддзі ў другой палове дня працэс зрабілі закрытым. Суд працягнулі 11 сакавіка.

За што судзяць Алеся Пушкіна

Алеся Пушкіна абвінавачваюць паводле ч. 3 арт. 130 (Наўмысныя дзеянні па рэабілітацыі нацызму, здзейсненыя групай асоб) і арт. 370 (Здзек з дзяржаўных сімвалаў) Крымінальнага кодэксу. Яму пагражае да 12 гадоў пазбаўлення волі.

Мастака вінавацяць у размяшчэнні ў адкрытым доступе партрэтаў дзеячаў беларускага пасляваеннага антысавецкага руху. Паводле матэрыялаў крымінальнай справы, Пушкін падчас выставы ў Гродне ў «Цэнтры гарадскога жыцця» публічна дэманстраваў партрэт Яўгена Жыхара. 26 сакавіка ў Гродне на Пушкіна і дырэктара выставачнай пляцоўкі Паўла Мажэйку завялі крымінальную справу паводле арт. 130 (ч. 3). 29 сакавіка Паўла Мажэйку выпусцілі з СІЗА з дакументам аб тым, што неабходнасць у затрыманні знікла. Пазней установу «Цэнтр гарадскога жыцця» ліквідавалі з ініцыятывы пракурора Гродна Уладзіміра Клішына.

Калі стала вядома аб праверцы выставы пракуратурай, Пушкін быў ва Украіне. Ён вярнуўся ў Беларусь 26 сакавіка. 30 сакавіка яго затрымалі у Жылічах (Кіраўскі раён Магілёўскай вобласці), дзе ён працаваў на рэстаўрацыі палаца Булгакаў. Праз усю Беларусь яго завезлі ў гродзенскую турму № 1. У красавіку перавялі у следчы ізалятар № 1 на Валадарскага (Мінск), затым з турму № 8 у Жодзіна. За час зняволення яго неаднаразова саджалі ў карцэр, прапаноўвалі пісаць прашэнне аб памілаванні, аднак мастак адмовіўся.

Чытайце таксама: