Гродзенскі нэафолк праект «Вочы» выпусціў новы альбом «Дзіва». Рэліз адбыўся 22 лютага 2022 года. Ён стаў вынікам пяцігадовай працы 12 музыкаў і шасці гукарэжысёраў. У альбом увайшлі 10 песень. Тэлеграм-канал «Радыё «Harodnia» даведаўся ў лідара праекту «Вочы» Юрыя Дубовіка, чаму праца над альбомам расцягнулася на пяць гадоў.

«Вельмі шмат людзей прымалі ўдзел у стварэнні гэтага альбому. Кожнага патрэбна было асобна запісаць, таму працэс зацягваўся. Да таго ж мы задзейнічалі некалькі саундпрадзюсараў, кожны з іх працаваў з асобнымі трэкамі, і ў кожнага свой аўтарскі стыль апрацоўкі. Пэўны час заняла фінальная стадыя агульнага мастэрынгу», — распавёў тэлеграм-каналу «Радыё «Harodnia» музыка Юрый Дубовік.

Джамбеі, дарбукі і залаты варган. Што яшчэ спатрэбілася Юрыю Дубовіку, каб стварыць альбом "Дзіва"
Вокладка альбома «Дзіва».

Яму ўпершыню самому давялося выступіць у ролі саунпрадзюсара — апрацаваць дзве песні. Усяго разам са ім у апрацоўцы гуку ўдзельнічалі шэсць чалавек. Музыкантаў, чыю ігру можна пачуць на альбоме, было агулам 12.

«На жаль, адзін з іх — Сяргей Халодны — адышоў у іншы свет, але яго праца жыве. У песні „Дзеўчыночка“ можна пачуць яго цудоўныя барабаны», — кажа Дубовік.

Запісвалі альбом у Гродне. Дзве песні запісалі ў студыі Вячаслава Лукашэвіча. Звядзенне і апрацоўку гуку таксама рабілі ў Гродне.

«Зразумела, што ў кожнага з гукарэжысёраў свой аўтарскі почырк. Таму песні адрозніваюцца», — сказаў Юрый.

Джамбеі, дарбукі і залаты варган. Што яшчэ спатрэбілася Юрыю Дубовіку, каб стварыць альбом "Дзіва"
Юрый Дубовік. Крыніца: Старонка Юрыя у «ВКонтакте»

Для запісу выкарысталі ўвесь дыяпазон флейт і залаты варган

Падчас запісу музыкі Дар’я Багаслова і Васіль Валошчык выкарысталі ўвесь дыяпазон флейт: ад класічнай флейты да сапілак, пішчалак, пан-флейты. Таксама выкарысталі варганы розных майстроў з усяго свету.

«У адной з песень можна пачуць залаты варган — у творы „Коні“. Але насамрэч у варганах галоўнае — не матэрыял, з якога яны зроблены, а майстар, які яго стварыў і музыкант, які на ім грае», — сказаў Юрый.

Таксама музыкі выкарысталі этнічныя ўдарныя інструменты: джамбеі, дарбукі, кахоны. «Усё з розных краін, з розным гучаннем — у гэтым свая спецыфіка», — сказаў Юрый.

Не зусім у стандартнай манеры запісалі голас. Амаль што ва ўсіх песнях можна пачуць харавое шматгалоссе. Яго Юрый запісаў адзін, выкарыстоўваючы накладанне галасоў. Такім чынам атрымаўся эфект этнічнага хору.

Кліп на песню «Малітва» з альбома «Дзіва». Крыніца: YouTube

Запісваў гукі гродзенскіх кавярняў і свае крокі

«Тое, што наш альбом запісаны быццам адным трэкам — рэдкасць сёння. Такія канцэптуальныя альбомы выдаваліся ў 70-я гады. Таксама мы падкрэсліваем, што ў нас антыкамерцыйны накірунак альбома. Мы яго стварылі дружным калектывам гродзенскіх музыкантаў. І яго трэба слухаць адной дарожкай, каб атрымаўся эфект цэласнасці. Зразумела, мы альбом разаб’ём на асобныя трэкі, але згубіцца адзінства», — распавёў Юрый.

Усе песні звязаны паміж сабой канцэптуальнымі эфектамі. Юрый Дубовік цягам году запісваў розныя гукі наўкола з дапамогай студыйнага дыктафона. Гэта было складана, бо запісаць тыя ж галасы птушак у горадзе немагчыма — паўсюль чутны аўтамабілі. Каб атрымаць чыстыя птушыныя спевы, Юрый ездзіў за Гродна. Таксама асобна запісваў гукі гродзенскіх кавярняў, свае крокі, калі заходзіў дамоў, гукі горада. Выкарыстоўвалі і чужыя гукі, але іх няшмат — напрыклад, гукі космасу.

«Мы зрабілі гэта для таго, каб кожны, хто слухае альбом, адчуў яго атмасферу», — сказаў Юрый.

«Песні на беларускай мове прыходзяць самі»

«Гэта неверагодна, але факт: песні на беларускай мове да мяне прыходзяць самі, у адрозненні ад рускамоўных, а часцей за ўсё я пішу менавіта на рускай мове. Цікава тое, што я не так моцна разбіраюся ў беларускай мове, каб спецыяльна сесці і напісаць песню. Таму яны прыходзяць да мяне самі, і заўсёды цалкам. Я іх „чакаю“, хоць гэта і гучыць дзіўна. Песні з гэтага альбому я напісаў на працягу пяці гадоў», — распавёў Юрый.

Альбом «Дзіва» праекта «Вочы». Крыніца: YouTube

Музыкі хочуць паспрабаваць максімальным складам прайграць гэты альбом ужывую. «Атрымаецца без эфектаў гукавых, але парадак песень будзе той самы. Зразумела, што нам патрэбна вялікая сцэна, каб нас усіх змясціць, — у звычайных клубах месца для нас мала. Ёсць асобыя задумкі для шоу, але гэта хай будзе пакуль у сакрэце», — сказаў Юрый.

У канцы красавіка — пачатку траўня музыкі плануюць невялікі проматур па гарадах Беларусі.

Паслухаць альбом можна на старонцы «ВКонтакте» альбо на YouTube.