Гродзенскі нэафолк праект “Вочы” выпусціў новы альбом “Дзіва”. Рэліз адбыўся 22 лютага 2022 года. Ён стаў вынікам пяцігадовай працы 12 музыкаў і шасці гукарэжысёраў. У альбом увайшлі 10 песень. Тэлеграм-канал “Радыё “Harodnia” даведаўся ў лідара праекту “Вочы” Юрыя Дубовіка, чаму праца над альбомам расцягнулася на пяць гадоў.

“Вельмі шмат людзей прымалі ўдзел у стварэнні гэтага альбому. Кожнага патрэбна было асобна запісаць, таму працэс зацягваўся. Да таго ж мы задзейнічалі некалькі саундпрадзюсараў, кожны з іх працаваў з асобнымі трэкамі, і ў кожнага свой аўтарскі стыль апрацоўкі. Пэўны час заняла фінальная стадыя агульнага мастэрынгу”, – распавёў тэлеграм-каналу “Радыё “Harodnia” музыка Юрый Дубовік.

Джамбеі, дарбукі і залаты варган. Што яшчэ спатрэбілася Юрыю Дубовіку, каб стварыць альбом "Дзіва"
Вокладка альбома “Дзіва”.

Яму ўпершыню самому давялося выступіць у ролі саунпрадзюсара – апрацаваць дзве песні. Усяго разам са ім у апрацоўцы гуку ўдзельнічалі шэсць чалавек. Музыкантаў, чыю ігру можна пачуць на альбоме, было агулам 12.

“На жаль, адзін з іх – Сяргей Халодны – адышоў у іншы свет, але яго праца жыве. У песні “Дзеўчыночка” можна пачуць яго цудоўныя барабаны”, – кажа Дубовік.

Запісвалі альбом у Гродне. Дзве песні запісалі ў студыі Вячаслава Лукашэвіча. Звядзенне і апрацоўку гуку таксама рабілі ў Гродне.

“Зразумела, што ў кожнага з гукарэжысёраў свой аўтарскі почырк. Таму песні адрозніваюцца”, – сказаў Юрый.

Джамбеі, дарбукі і залаты варган. Што яшчэ спатрэбілася Юрыю Дубовіку, каб стварыць альбом "Дзіва"
Юрый Дубовік. Крыніца: Старонка Юрыя у “ВКонтакте”

Для запісу выкарысталі ўвесь дыяпазон флейт і залаты варган

Падчас запісу музыкі Дар’я Багаслова і Васіль Валошчык выкарысталі ўвесь дыяпазон флейт: ад класічнай флейты да сапілак, пішчалак, пан-флейты. Таксама выкарысталі варганы розных майстроў з усяго свету. 

“У адной з песень можна пачуць залаты варган – у творы “Коні”. Але насамрэч у варганах галоўнае – не матэрыял, з якога яны зроблены, а майстар, які яго стварыў і музыкант, які на ім грае”, – сказаў Юрый.

Таксама музыкі выкарысталі этнічныя ўдарныя інструменты: джамбеі, дарбукі, кахоны. “Усё з розных краін, з розным гучаннем – у гэтым свая спецыфіка”, – сказаў Юрый.

Не зусім у стандартнай манеры запісалі голас. Амаль што ва ўсіх песнях можна пачуць харавое шматгалоссе. Яго Юрый запісаў адзін, выкарыстоўваючы накладанне галасоў. Такім чынам атрымаўся эфект этнічнага хору.

https://www.youtube.com/watch?v=pOBqTH2sYS4
Кліп на песню “Малітва” з альбома “Дзіва”. Крыніца: YouTube

Запісваў гукі гродзенскіх кавярняў і свае крокі

“Тое, што наш альбом запісаны быццам адным трэкам – рэдкасць сёння. Такія канцэптуальныя альбомы выдаваліся ў 70-я гады. Таксама мы падкрэсліваем, што ў нас антыкамерцыйны накірунак альбома. Мы яго стварылі дружным калектывам гродзенскіх музыкантаў. І яго трэба слухаць адной дарожкай, каб атрымаўся эфект цэласнасці. Зразумела, мы альбом разаб’ём на асобныя трэкі, але згубіцца адзінства”, – распавёў Юрый.

Усе песні звязаны паміж сабой канцэптуальнымі эфектамі. Юрый Дубовік цягам году запісваў розныя гукі наўкола з дапамогай студыйнага дыктафона. Гэта было складана, бо запісаць тыя ж галасы птушак у горадзе немагчыма – паўсюль чутны аўтамабілі. Каб атрымаць чыстыя птушыныя спевы, Юрый ездзіў за Гродна. Таксама асобна запісваў гукі гродзенскіх кавярняў, свае крокі, калі заходзіў дамоў, гукі горада. Выкарыстоўвалі і чужыя гукі, але іх няшмат – напрыклад, гукі космасу.

“Мы зрабілі гэта для таго, каб кожны, хто слухае альбом, адчуў яго атмасферу”, – сказаў Юрый.

“Песні на беларускай мове прыходзяць самі”

“Гэта неверагодна, але факт: песні на беларускай мове да мяне прыходзяць самі, у адрозненні ад рускамоўных, а часцей за ўсё я пішу менавіта на рускай мове. Цікава тое, што я не так моцна разбіраюся ў беларускай мове, каб спецыяльна сесці і напісаць песню. Таму яны прыходзяць да мяне самі, і заўсёды цалкам. Я іх “чакаю”, хоць гэта і гучыць дзіўна. Песні з гэтага альбому я напісаў на працягу пяці гадоў”, – распавёў Юрый.

https://www.youtube.com/watch?v=aNr4coX3mMo
Альбом “Дзіва” праекта “Вочы”. Крыніца: YouTube

Музыкі хочуць паспрабаваць максімальным складам прайграць гэты альбом ужывую. “Атрымаецца без эфектаў гукавых, але парадак песень будзе той самы. Зразумела, што нам патрэбна вялікая сцэна, каб нас усіх змясціць, – у звычайных клубах месца для нас мала. Ёсць асобыя задумкі для шоу, але гэта хай будзе пакуль у сакрэце”, – сказаў Юрый. 

У канцы красавіка – пачатку траўня музыкі плануюць невялікі проматур па гарадах Беларусі.

Паслухаць альбом можна на старонцы “ВКонтакте” альбо на YouTube.