Крама адзення H&M у ГЗЦ «Triniti» з 3 сакавіка часова прыпыняе працу. Пра гэта Hrodna.life паведаміла маркетолаг «Triniti» Алеся Матвяёнак. Прычыну яна не назвала. Як доўга крама застанецца закрытай таксама невядома.
Кампанія H&M прыпыніла продажы ва ўсіх крамах у Расіі 2 сакавіка. Прычынай назвалі вайну Расіі супраць Украіны.
«H&M Group глыбока занепакоены трагічнымі падзеямі ва Украіне і падтрымлівае ўсіх людзей, якія пакутуюць. H&M Group прыняла рашэнне часова прыпыніць усе продажы ў Расіі. Крамы ва Украіне ўжо часова зачыненыя з-за бяспекі пакупнікоў і калег», — напісалі прадстаўнікі кампаніі на афіцыйным сайце.
Па стане на раніцу 3 сакавіка руская і беларуская версіі сайта не адкрываюцца.
Як даўно крама працавала ў Гродне
Крама адзення H&M пачала працаваць у Гродне ў кастрычніку 2020 года. Гэта была трэцяя крама брэнда ў Беларусі.
H&M (Hennes & Mauritz) — адзін з найбольш буйных модных рытэйлераў. Акрамя Беларусі ён прадстаўлены ў 74 краінах свету. Брэнд пазіцыянуе сябе як вытворцу якасных рэчаў па даступнай цане і змагара за экалогію.