Суды над затрыманымі 27 лютага ў Гродне пачаліся 1 сакавіка ў 14.00. Людзей адпускалі са штрафамі ад 50−70 базавых велічынь. Па інфармацыі людзей, якія выйшлі з ізалятара, асудзяць прыкладна 40 чалавек. Паводле розных звестак, у той дзень у Гродне затрымалі ад 30 да 100 чалавек. У некаторых канфіскавалі тэлефоны.

UPD. Паводле інфармацыі Hrodna.life, некаторых 1 сакавіка ўсё ж пакінулі ў ізалятары. Судовыя пасяджэнні працягнуцца заўтра. Не асудзілі затрыманых, якія адмаўляліся разблакаваць тэлефоны альбо ў якіх гэта не атрымалася зрабіць.

Дзясяткі чалавек затрымалі ў Гродне 27 лютага — у асноўны дзень галасавання на рэферэндуме. Такога ў Гродне не было з акцый пратэсту ў 2020 годзе. Затрыманых дастаўлялі ў ізалятар на Кірава, 1. Перадачы ў турму прынялі.

Судовыя паседжанні пачаліся пасля абеду 1 сакавіка, хоць работнікі судоў Кастрычніцкага і Ленінскага казалі, што судзіць затрыманых сталі 28 лютага. Раніцай 1 сакавіка пратаколаў аб адміністрацыйным парушэнні яшчэ не было ў ізалятары на Кірава, 1. 28 лютага рашэнне па аднаму затрыманаму вынес Гродзенскі раённы суд. Яму далі штраф у 50 базавых велічынь. Чаму працаваў менавіта гэты суд, а не гарадскія, невядома, паведамляе Telegram-канал «Право имеют».

Затрыманых абвінавачвалі па арт. 24.23 КаАП «Парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў». У Мінску людзей таксама судзілі паводле арт. 24.3 «Непадпарадкаванне законнаму распараджэнню ці патрабаванню службовай асобы» і арт. 19.1 КаАП «Дробнае хуліганства».

Людзі выйшлі са штрафамі

Людзям, якія выходзілі з ізалятара 1 сакавіка, давалі штрафы ў 50−70 базавых велічынь (1600−2240 рублёў). На 19.00 людзі ўсё яшчэ паступова выходзяць з ізалятара. Верагодна, ужо сёння разгледзяць усе адміністрацыйныя справы альбо прызначаць дату пасяджэння, адпусціўшы людзей.

У 2021 годзе для затрыманых па «палітычным» адміністрацыйным артыкуле і для асуджаных на адміністрацыйны арышт у ізалятарах стваралі складаныя ўмовы: ім не дазвалялі сядзець у дзённы час на ложках — яны павінны былі ўвесь час стаяць або перасоўвацца. Некаторым не выдавалі матрацы. Людзей некалькі разоў будзілі па начах. Па словах людзей, якія выйшлі з ізалятара на Кірава, 1, ім далі паспаць, пакармілі. Выдалі матрац і коўдры, але не пасцельную бялізну.

Крымінальная справа

У Мінску распачалі крымінальную справу па арт. 342 КК «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх». Ці распачатая такая крымінальная справа ў Гродне, невядома.

Чытайце таксама: