Адвакатку юрыдычнай кансультацыі Кастрычніцкага раёна Гродна Юлію Юргілевіч 23 лютага выключылі са складу Гродзенскай абласной калегіі адвакатаў за «сістэматычныя парушэнні заканадаўства». Юлія была адвакатам па многіх «палітычных» справах, узбуджаных пасля выбараў-2020. Амапаўцы пасля яе пытанняў адмаўляліся ад іскаў аб кампенсацыі маральнай шкоды.
Для выключэнні Юліі сабралі пасяджэнне Гродзенскай абласной калегіі адвакатаў, якое правялі па іску пракурора вобласці Андрэя Скурата. На думку начальства, адвакатка некваліфікавана аказвала дапамогу, сістэматычна парушала заканадаўства — у яе былі дысцыплінарныя спагнанні за парушэнне закона Аб адвакатуры. Праз некалькі дзён яе пазбавяць ліцэнзіі.
Юлія працавала адвакатам амаль 18 гадоў. Яна абараняла ў судзе Вольгу Верамеенка з крамы «Адметнасць», абвінавачаную па справе аб счэпцы, Андрэя Сакалоўскага па той жа справе, Андрэя Аўсіевіча, якога судзілі за каментар.
Амапаўцы адмаўляліся ад іскаў аб кампенсацыі маральнай шкоды пасля яе допыту. А цяпер каля 10 кліентаў Юргілевіч знаходзяцца пад следствам: трое абвінавачаных па «справе Зельцара», Таццяна Саўко, Вадзім Ермашук, Алесь Пушкін, Андрэй Блахінскі. Па яе словах, кліенты ў шоку — ім трэба ў кароткія тэрміны знайсці новага адваката.
Юлія распавяла Hrodna.life, што да пазбаўлення ліцэнзіі ўсё ішло даўно. У тэорыі, Юлія можа пайсці працаваць у іншую калегію адвакатаў, але на практыцы гэта не вельмі рэальна, распавяла адвакатка Hrodna.life. Яна плануе шукаць працу, не звязаную з адвакатурай. Да таго ж, у юрыдычнай кансультацыі Кастрычніцкага раёна Гродна, па словах Юліі, і так не хапала адвакатаў для аказання дапамогі. Цяпер іх стала на аднаго менш.
У сакавіку атэстацыя чакае адваката з Гродна Аляксандра Бірылава. У кастрычніку 2021 года ён паказаў «няпоўную адпаведнасць патрабаванням заканадаўства» па думку Кваліфікацыйнай камісіі. Тады атэстацыю праходзілі тры адвакаты з Гродна. Усе яны абаранялі ў судах абвінавачаных па «палітычных» справах. Святлана Бірылава і Сяргей Ярашэвіч прайшлі атэстацыю.
Ціск на адвакатаў пачаліся ў 2020 годзе яшчэ да выбараў. Пачалося ўсё з гутарак, а скончылася пазбаўленнем ліцэнзій. Пад ціск трапілі вядомыя адвакаты — у тым ліку абаронцы рэпрэсаваных палітыкаў.