Адвакат палітвязня журналіста Анджэя Пачобута Аляксандр Бірылаў паказаў «няпоўную адпаведнасць патрабаванням заканадаўства» на думку Кваліфікацыйнай камісіі. Яго чакае адтэрміноўка атэстацыі на паўгода. Інфармацыю пра гэта размясціў Мінюст.

Чарговая атэстацыя адвакатаў Гродзенскай абласной і Мінскай гарадской калегій адвакатаў прайшла 28 кастрычніка. Яе правяла кваліфікацыйная камісія па пытаннях адвакацкай дзейнасці.

З Гродна атэстацыю праходзілі тры адвакаты. Усе яны абаранялі ў судах абвінавачаных па «палітычных» справах. Святлана Бірылава і Сяргей Ярашэвіч прайшлі атэстацыю. Аляксандр Бірылаў атрымаў адтэрміноўку атэстацыі на шэсць месяцаў. Ён павінен выканаць рэкамендацыі кваліфікацыйнай камісіі і прайсці павышэнне кваліфікацыі. Адвакацкую дзейнасць ніхто з гродзенскіх адвакатаў паводле вынікаў атэстацыі спыняць пакуль не будзе.

Аляксандр Бірылаў абараняў у судах палітвязняў Ігара Банцэра і Сяргея Рымшу, рэдактара Hrodna.life Аляксея Шоту, айцішнака Уладзіміра Родчанка.

Па выніках атэстацыі, трое адвакатаў з Мінска і Гродна будуць працягваць сваю дзейнасць, два атрымалі адтэрміноўку на паўгода, яшчэ двое — спыняць адвакацкую практыку. На думку Камісіі, асобныя адвакаты паказалі «недастатковы ўзровень ведаў заканадаўства, неабходных для ажыццяўлення адвакацкай дзейнасці, што сведчыць аб іх недастатковай кваліфікацыі».

Ціск на адвакатаў у Беларусі

Ціск на адвакатаў у Беларусі пачаўся летам 2020 года, да выбараў. Пачалося ўсё з гутарак, а скончылася пазбаўленнем ліцэнзій. У тым ліку пазбавілі ліцэнзіі абаронцаў беларускіх палітыкаў. Сярод іх былі пазбаўленыя ліцэнзіі Аляксандр Пыльчанка — абаронца Віктара Бабарыка, Людміла Казак — абаронца Марыі Калеснікавай, Сяргей Зікрацкі - абаронца Максіма Знака, а таксама многія іншыя вядомыя адвакаты.

Акрамя таго, да канца кастрычніка 2021 года скончылі дзейнасць прыватныя адвакацкія бюро. Забарона на іх працу, а таксама працу адвакатаў індывідуальна, вясной 2021-га прыняў парламент.