У Гродна паступіла новая партыя вакцыны «Vero Cell» ад кітайскага вытворцы Sinopharm. Ад 2 лістапада яна будзе даступна па меры паступлення ў прышчэпачныя кабінеты, паведамляе «Гродна Плюс».

Разам з тым дактары адзначаюць чарговы рост захворванняў на COVID-19 у Гродне. Па выкліках да такіх хворых зараз працуе 53 адмысловыя брыгады дактароў з паліклінік.

У Гродне зноў з’явілася кітайская вакцына ад каранавіруса
Ілюстрацыйнае фота. Фота: pixabay.com

У Беларусі па стане на 1 лістапада каля 3 млн чалавек атрымалі першую дозу прышчэпкі. З іх 2,2 млн прайшлі поўны курс вакцынацыі. У Гродне першай дозай вакцыны прышчапіліся 126 тыс. чалавек — 32,3% насельніцтва горада.

Ці сапраўды прышчапляюцца гродзенцы

Супрацоўнікаў дзяржаўных прадпрыемстваў заахвочваюць рабіць прышчэпкі. Ім абяцаюць дадатковыя выплаты і матэрыяльную дапамогу. Некаторыя гродзенцы прышчапіліся толькі па дакументах, «дамоўвіўшыся» з лекарамі, але ад увядзення вакцыны адмовіліся. Гэта людзі, якім сертыфікат аб прышчэпцы патрэбен для працы ці абыходжання каранціна. Падлічыць колькасць такіх фэйкавых вакцынаваных немагчыма.