Рамонт на Старым мосце праз Нёман у Гродне плануюць распачаць з 15 лістапада. Найперш праектам прадугледжана замена зношаных дэфармацыйных швоў на мосце.

Паводле праекта працы мусяць доўжыцца паўтара месяцы — да канца снежня, паведаміла ТРК «Гродна». У час рамонту рух на мосце абмяжуюць: яго прапускная здольнасць зменшыцца на 50%. Паводле будаўнікоў, на час рамонту адначасова можна будзе карыстацца толькі дзьвюма дарожнымі палосамі - па адной у кожным кірунку. Цалкам мяняць асфальт на мосце пакуль не плануюць.

На гэты ж час быў запланаваны і рамонт Румлёўскага моста. Інфармацыя аб гэтым была размешчана на сайце дзяржзакупак. Але працэдура дзяржзакупак, дзе мусілі абраць арганізацыю — выканаўцу рамонта, не адбылася: да конкурсу дапусцілі менш за двух удзельнікаў. Кошт рамонту мусіць скласці прыкладна 437 886 за Cтары мост і 506 801 — за Румлеўскі. Рамонты пройдуць за кошт гарадскога бюджэту.

Ідэі рэканструкцыі Румлёўскага, Старога і Новага мастоў абмяркоўваліся яшчэ ў 2018 годзе. У 2019 годзе мост на Паповіча ўвайшоў у спіс 16 мастоў, якія будуць рэканструяваць за кошт рэспубліканскага бюджэту. Раней казалі, што працы не пачынаюць, бо неабходна завяршыць будаўніцтва Усходняга моста. Ён можа забраць на сябе частку трафіку пасля закрыцця аднаго з мастоў на рамонт, пісаў Autogrodno.by.

Чытайце таксама: