Рамонт дэфармацыйных швоў Старога маста па вул. Гарнавых і Румлёўскага маста па праспекце Кляцкова ў Гродне запланаваны на лістапад 2021 года. Інфармацыю пра гэта рэдакцыя Hrodna.life знайшла на сайце дзяржзакупак.

UPD 21 кастрычніка. Рамонт Старога і Румлёўскага моста пераносіцца на пазнейшыя тэрміны. Працэдура дзяржзакупак, дзе павінна была вызначыцца арганізацыя, якая і правядзе рамонт, не адбылася. Прычына: да конкурсу дапусцілі менш за двух удзельнікаў.

Дэфармацыйныя швы мастоў - гэта вольная прастора, якая прадугледжваецца для перасоўванняў канструкцый збудавання ад дзеяння розных фактараў, якія выклікаюць як прасторавыя зрушэнні і павароты канструкцый, так і дэфармацыі іх асобных элементаў. Крыніца: defshov.ru.

Абслугоўвае масты Гродзенская гарадская жыллёва-камунальная гаспадарка. Фірму для рамонту будуць шукаць да 19 кастрычніка. Тэрмін пастаўкі - з 1 па 30 лістапада.

Кошт рамонту складзе прыкладна 944 687 рублёў: 437 886 — за Cтары мост і 506 801 — за Румлеўскі. Крыніца — бюджэт горада.

Аб рамонце двух мастоў і дадатковым фінансаванні на рамонт мясцовых дарог таксама гаварыў старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Каранік на працоўнай нарадзе 4 кастрычніка. Ідэі рэканструкцыі Румлёўскага, Старога і Новага мастоў абмяркоўваліся яшчэ ў 2018 годзе. Раней гаварылася, што працы не пачынаюцца, таму што неабходна завяршыць будаўніцтва Усходняга моста, які зможа забраць на сябе частку трафіку пасля закрыцця аднаго з мастоў на рамонт, пісаў Autogrodno.by.

Мост на Паповіча таксама чакае капітальны рамонт. У 2019 годзе ён увайшоў у спіс 16 мастоў, якія трэба будзе рэканструяваць за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту. Работы запланаваны да 2025 года. Чакалася, што рэканструкцыя моста на Паповіча пачнецца ў канцы 2020 года, амаль адначасова з будаўніцтвам новага мікрараёна «Вясновы», звярнуў увагу Autogrodno.by.