Навучаць дзяцей дысцыпліне і знаёміць іх са зброяй пачалі ў Гродне. Гэтым займаецца вайскова-патрыятычны клуб “Циркон”. Заняткі адбываюцца па выхадных у вайсковай частцы 5522 на вуліцы Чырванаармейскай. Адкрыццё клуба прымеркавалі да дня ўнутранных войскаў 18 сакавіка.

У клубе зараз каля 60 удзельнікаў. Іх колькасць плануюць павялічваць. Дзяцей плануюць навучаць вайсковай справе, пазнаёміць са зброяй, распавесці ім пра ўладкаванне войска і навучыць дысцыпліне, паведаміў тэлеканал “Гродна Плюс”.
Хто і чаму будзе вучыць дзяцей
З навучэнцамі будуць займацца афіцэры часткі 5522. Яна вядомая тым, што на яе тэрыторыі летам 2020 года праходзілі трэніроўкі міліцыі па разгоне вулічных пратэстаў. У жніўні вайскоўцы тэрміновай службы гэтай часткі сапраўды ўдзельнічалі ў здушэнні пратэстаў. Па словах былого “тэрміновіка”, пры разгоне пратэстаў імі кіраваў камандзір часткі Уладзімір Голубеў: казаў па рацыі ці паказваў пальцам, каго затрымліваць або дагнаць. Паводле чутак, у камандзіра каля ўваходу ў кабінет замест дыванка ляжаў бел-чырвона-белы сцяг. Hrodna.life спрабаваў пагутарыць пра гэта з Голубевым яшчэ восенню 2020-га, але той кінуў трубку.
Голубеў прысутнічаў на ўрачыстым адкрыцці працы клуба “Цыркон”. Таксама ў адкрыцці ўдзельнічалі памочнік прэзідэнта – інспектар па Гродзенскай вобласці Юрый Караеў, начальнік аператыўнай і баявой падрыхтоўкі галоўнага ўпраўлення камандуючага ўнутраных войскаў Андрэй Дудкін, старшыня Гродзенскага гарвыканкама Мечыслаў Гой і іншыя чыноўнікі.
Афіцэры часткі 5522 будуць выкладаць дзецям медычную справу, рукапашны бой і вывучэнне зброі. Школьнікам хочуць даць магчымасць пастраляць у інтэрактыўным ціры, пайграць у лазэртаг. Для іх запланаваныя экскурсіі, патрыятычныя змены і атрады ў дзіцячых летніках, расказаў начальнік аддзела адукацыі гарвыканкама Андрэй Семанчык.

Якія патрыятычныя клубы яшчэ ёсць у Гродне
“Цыркон” гэта ўжо 15-ы такога кшталту клуб у Беларусі, піша “Гродзенская праўда”. У планах уладаў – адкрыць вайскова-патрыятычныя клубы на базе вайсковай часткі 7434 у Астравецкім раёны і ў Ваўкавыску.
Акрамя вайскова-патрыятычных клубаў у Гродне ёсць і клубы патрыятычнага выхавання дзяцей. У кастрычніку 2021 года Андрэй Семанчык казаў, што яны ўжо створаны ў кожнай школе Гродна. Асноўная задача такіх клубаў – вывучэнне гісторыі культуры краіны. Іх дзейнасць каардынуе гарадскі цэнтр патрыятычнага выхавання.

Раней такі займаліся праваслаўныя
Пры Уладзімірскай царкве ў Гродне ў 2003 годзе быў створаны Праваслаўны вайскова-патрыятычны клуб “Витязь”. Яго арганізатарам і кіраўніком быў святар Аркадзь Касьяненка. У 2007 годзе ў Шчучыне пры падтрымцы райвыканкама і інспекцыі па справах непаўнагадовых стварылі клуб “Дружына”. Яго кіраўніком быў святар Яўгеній Павельчук.

Далей дзейнасць Павельчука пашырылася. У 2009 годзе ён арганізаўваў на базе школы №37 у Гродне клуб “Славяне”. У 2011 годзе ў школе №19 у Ласосне быў створаны клуб “Воевода”, а ў Верцялішках – “Белая Русь”,

У клубах дзяцей вучылі карыстацца зброяй, адбываліся заняткі па рукапашным боі і фізічнай падрыхтоўцы. Штолета адбываліся летнія лагерныя зборы клубаў. На зборах адбывалася сдача на чорны берэт.
У 2015 годзе “Наша ніва” апублікавала расследванне, дзе выкрывала сувязь гэтых клубаў з прарасійскімі актывістамі, “казакамі” ды дзейснымі супрацоўнікамі міліцыі. Паводле інфармацыі “Б*лсат”, праз некалькі год пасля гучных публікацый клубы згарнулі дзейнасць.




