Аляксандр Лукашэнка 18 лютага падпісаў распараджэнне «Аб упаўнаважаных прадстаўніках Кіраўніка дзяржавы». Такі прадстаўнік накіраваны і ў Гродзенскую вобласць.

Упаўнаважаным прадстаўніком у Гродзенскай вобласці стаў намеснік старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Леанід Заяц.

Хто такія ўпаўнаважаныя прадстаўнікі?
Упаўнаважаныя прадстаўнікі кіраўніка дзяржавы ў абласцях і ў Мінску надзелены дадатковымі правамі. Яны могуць прысутнічаць на пасяджэннях органаў кіравання горадаўтваральных і сістэмаўтваральных гаспадарчых таварыстваў, уносіць на гэтых пасяджэннях свае прапановы і даваць ацэнку дзейнасці гэтых арганізацый па эфектыўнасці іх працы. Спіс такіх арганізацый вызначае ўрад. Адпаведны ўказ Аляксандр Лукашэнка падпісаў 26 лістапада 2020 года.

Леанід Заяц нарадзіўся ў 1958 годзе ў вёсцы Гацук Слуцкага раёна Мінскай вобласці. Скончыў Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію, паведамляе сайт Савета Рэспублікі.

Заяц працаваў трактарыстам, пасля на іншых пасадах у саўгасе «50 гадоў БССР» Слуцкага раёна, быў галоўным аграномам саўгаса «Слуцк» і старшынёй калгаса «Беларусь» у Слуцкім раёне, дырэктарам Слуцкага камбіната хлебапрадуктаў. Быў старшынёй Маладзечанскага райвыканкама, намеснікам старшыні Мінскага аблвыканкама, старшынёй Камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні, гендырэктарам ААТ «Агракамбінат «Дзяржынскі», міністрам сельскай гаспадаркі і харчавання, старшынёй Магілёўскага аблвыканкама. Узнагароджаны медалём «За працоўныя заслугі», ордэнам Пашаны і ордэнам Айчыны ІІІ ступені.

Таксама 18 лютага былі прызначаныя прадстаўнікі ў Гомельскую і Мінскую вобласці. Імі сталі адпаведна намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Дзмітрый Круты і міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Ігар Брыло, паведаміў Telegram-канал «Пул первого».

Чытайце таксама: