Актывістку і намесніка старшыні Саюза палякаў Рэнату Дземянчук затрымалі дома на БЛК, а 18.30 15 лютага. Аб затрыманні распавялі суседзі. Па іх словах, трое чалавек у зялёнай форме заштурхалі яе ў цёмны мікрааўтобус. Прычына і дэталі затрымання невядомыя.

Пад варту паводле арт.130 Крымінальнага кодэкса (Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або варожасці) заключылі двух іншых актывістаў Саюза палякаў у Гродне: яго старшыню Анжаліку Борыс і журналіста Анджэя Пачобута.

UPD 21.50. Рэнату Дземянчук адпусцілі. Ёсць інфармацыя, што яе падазраюць па арт. 368 КК «Абраза Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь».

UPD 16 лютага. На Рэгіну Дземянчук склалі пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні. Яе абвінавацілі ў арганізацыі незаконнага мерапрыемства, якім палічылі мерапрыемства для слухачоў Універсітэта трэцяга ўзросту пры Саюзе палякаў. Рэната восенню мінулага года арганізоўвала для іх гульню «Што? Дзе? Калі?», паведамляе сайт magnapolonia.org. Верагодна, гаворка ідзе пра арт. 24.23 КаАП. Інфармацыя аб крымінальнай справе не пацвердзілася.


«Польская справа» ў Беларусі

У сакавіку пракуратура распачала крымінальную справу за ўшанаванне антысавецкіх дзеячаў. МЗС Беларусі выслала з краіны консула ў Брэсце Ежы Цімафеюка, а пасля і генеральнага консула Гродна Яраслава Ксёнжыка.

Затрыманыя прадстаўнікі Саюза палякаў, сярод якіх Анжаліка Борыс і Анджэй Пачобут, праходзяць па крымінальнай справе па ч. 3 арт. 130 КК (Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або розні). Згодна з артыкулам, ім пагражае ад 5 да 12 гадоў зняволення. Іх прызнали палітвязнямі. Трох іншых фігурантак «польскага справы» вывезлі ў Польшчу ў канцы траўня 2021 года. Гэта Ганна Панішава і прадстаўніцы грамадскіх польскіх школ у Лідзе і Ваўкавыску Ірэна Бярнацкая і Марына Цішкоўская. Перад гэтым ім далі падпісаць дакументы аб змене меры затрымання. Ірэна Бярнацкі распавяла, што яе вывезлі ў машыне без нумарных знакаў, а пашпарт застаўся ў дачкі ў Лідзе.