Музычны праект “Папараць” з Гродна апублікаваў альбом “Вуціца”. У рэліз увайшло 10 песень. Дзевяць з іх народныя, адна напісаная вакалісткай гурта Таццянай Салаўёвай.

Ідэі стварыць альбом у музыкаў не было. “Калі раптам супала шмат абставінаў: знайшліся вольныя грошы, вольны час, вольныя мазгі, з’явіўся гукарэжысёр, – тады паўстала ідэя зафіксаваць у студыі тое, што гралася на канцэртах цягам некалькіх гадоў”, – распавёў Hrodna.life музыка гурта “Папараць” Павел Салаўёў.
Альбом “Вуціца” – гэта першы афіцыйны рэліз праекта “Папараць”. У 2021 годзе выйшаў альбом “Заклятая кветка купальная”, але тая праца была выканана ў межах музычнага праекта “Аум!”.
“Калі б мне трапіў у рукі гэты альбом, запісаны іншымі музыкамі, дык я б яго слухала”
Музыкі задаволены вынікам працы. “Калі б мне трапіў у рукі гэты альбом, запісаны іншымі музыкамі, дык я б яго слухала” – сказала Hrodna.life вакалістка гурта “Папараць” Таццяна Салаўёва.
“Усім астатнім таксама падабаецца. Гэта самая дарослая наша праца. Шмат інструментаў прапісана, нешта было зроблена, а пазней перароблена. А бонусам ідуць дзве не зусім звычайныя для “Папараці” народныя песні з папярэдніх рэлізаў, якія маюць гучанне, што адрозніваецца ад нашага традыцыйнага”, – сказаў Павал Салаўёў.
“Маючы скончаную працу, мы разумеем, што тое-сёе можна было б зрабіць інакш, больш цікава, больш дасканала. Аднак гэта звычайнае стаўленне музыкаў да таго, што ўжо зроблена – дасканаласці няма межаў, некалі трэба спыніцца, паставіць кропку, адпусціць альбом у свет ды ісці далей”, – лічыць Павел.
Гурт рыхтуе яшчэ два альбомы

Гурт працуе ў студыі больш за год. Музыкі адначасова пішуць тры альбомы. Першы – “Вуціца” – народныя песні ў апрацоўцы гурта. Другі і трэці пакуль не маюць назвы. Але ў іх войдуць песні на тэксты Таццяны Салаўёвай, вершы паэтаў, сярод якіх Лейб Найдус, Ларыса Геніюш, Ніна Габрыэлян, Таццяна Шэіна. Таксама будуць пераклады Паўла Салаўёва з чэшскай ды ідышу. Адзін альбом будзе на беларускай мове, другі на рускай. Музыкі спадзяюцца, што рэліз адбудзецца ў сакавіку-красавіку 2022 года.
“Папараць” – праект, які доўгі час быў безназоўным. Афіцыйна аформіўся ў 2021 годзе. У склад гурта ўваходзяць: Таццяна Салаўёва, Ігар Адасік, Ілля Пячынін і Павел Салаўёў, як сэсіённы музыка – Аляксандр Блахін.
Чытайце таксама: «Святы вечар» Ларисы Гениюш стал песней и клипом. Смотрите, какой рождественский проект сделали в Гродно


