271,3 млн рублёў канфіскавалі ў даход дзяржавы ў 2021 годзе. Гэта на 75% больш, чым у 2020 годзе. Пры гэтым праверак летась было на 10,5% менш, чым у 2020-м, — 436. Камітэт дзяржкантролю падвёў вынікі працы за мінулы год.

Па выніках працы за 2021 год Камітэт дзяржкантролю Гродзенскай вобласці дасягнуў найлепшых вынікаў сярод камітэтаў дзяржкантролю абласцей і спрацаваў найбольш эфектыўна, распавёў намеснік старшыні КДК Андрэй Лабовіч на пасяджэнні калегіі КДК Гродзенскай вобласці. Летась у Гродзенскай вобласці правялі 49 праверак і 130 маніторынгаў. У бюджэт спагналі 20,8 млн рублёў, зэканомілі 49,2 млн рублёў, павялічылі (аднавілі) долю дзяржавы ў статутных фондах гаспадарчых таварыстваў на суму 12,6 млн рублёў.

Іншыя кантралюючыя і судовыя органы па матэрыялах КДК спагналі яшчэ 23,3 млн рублёў. Зэканомлена (папярэджана выплат) дзяржаўных сродкаў на суму 291,6 млн рублёў.

З выкарыстаннем інфармацыі Дэпартамента фінансавага маніторынгу КДК праваахоўныя органы ў 2021 годзе ўжылі меры адказнасці на суму 78,9 млн рублёў. ДФР выявіў 208 злачынстваў.

Органы фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю ў 2021 годзе выявілі 453 злачынствы, у тым ліку 256 — з катэгорыі цяжкіх.

ДФР у Гродне

У Гродне ДФР займаліся справай супраць Віктара Рукшы і яго фірмы. Уладальнік крамы аўтазапчастак у жніўні 2020 года напісаў скаргу на дзеянні сілавікоў. Пасля гэтага да яго прыйшлі з упраўлення Дэпартамента фінансавых расследаванняў, завялі крымінальную справу за нявыплату падаткаў, краму апячаталі, а цяпер хочуць ліквідаваць фірму. Віктар пачаў абскарджваць рашэнні УДФР і гатовы ісці да Вярхоўнага Суда.

Чытайце таксама: Паскардзіўся на сілавікоў - атрымаў крымінальную справу. Уладальнік крамы аўтазапчастак у Гродне павінен у бюджэт $ 200 000 і паўгода судзіцца з УДФР

Чым КДК плануе займацца ў 2022 годзе?

Камітэт дзяржкантролю летась правёў кантрольна-аналітычныя мерапрыемствы па пытаннях:

  • імпартазамяшчэння;
  • эфектыўнасці расходавання сродкаў дзяржаўных прадпрыемстваў;
  • сітуацыі ў сферы перавозак пасажыраў аўтамабільным транспартам;
  • развіцця жывёлагадоўчай галіны;
  • уліку якасці драўніны;
  • правядзення палявых работ;
  • абгрунтаванасці росту коштаў на лекавыя прэпараты;
  • скарачэння аб’ектаў звышнарматыўнага незавершанага будаўніцтва;
  • выканання зямельнага і прыродаахоўнага заканадаўства.

У 2022 годзе органы КДК будуць шукаць рэзервы ў эканоміцы, кантраляваць пытанні імпартазамяшчэння, кантраляваць захаванне рэжыму эканоміі і беражлівасці ва ўсіх сферах.