55-гадовая лекарка з Ліды Ірына Здота з’ехала з Беларусі. Камандзір гродзенскага АМАП Віктар Краўцэвіч сышоў на павышэнне — цяпер ён камандзір «Алмаз». Былога палкоўніка міліцыі з Іўя асудзілі на шэсць гадоў калоніі. Рэдакцыя Hrodna.life вывучыла, што адбылося ў вобласці з 7 па 13 лютага.
Суд над затрыманым на мяжы
Затрыманага 20 студзеня на мяжы жыхара Ліды Дзмітрыя Трафімчыка судзілі 7 лютага за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў. Суддзя — Ганна Леусік (суд Ленінскага раёна).
55-гадовая лекар з Ліды з’ехала з Беларусі
Ірына Здота прайшла праз збіццё і адміністрацыйны арышт. У свой час яна пайшла ў бестэрміновы страйк. Пазней Ірыне стала вядома пра распачатую ў дачыненні да яе крымінальную справу. Фонд B*SOL дапамог ёй пакінуць Беларусь, паведамляе Андрэй Стрыжак.
У Гродзенскім абласным судзе пачалі судзіць Руслана Садаўнічага
Працэс пачаўся 8 лютага. Руслана судзяць па трох артыкулах КК:
- 130 ч. 1 — Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці;
- 369 — Знявага прадстаўніка ўлады;
- 366 ч. 1 — Гвалт альбо пагроза ў дачыненні да службовай асобы, якая выконвае службовыя абавязкі, ці іншай асобы, якая выконвае грамадскі абавязак.
Мінінфарм абмежаваў доступ да сайта «Газеты Слонімскай»
Падставай для блакавання сталі парушэнні заканадаўства аб СМІ - размяшчэнне інфармацыі, распаўсюджванне якой забароненае, паведамляе «Вясна».
Друкаваная версія «Газеты Слонімскай» перастала выходзіць з 9 лістапада 2020 года. У гэты дзень у выдаўца дома і ў рэдакцыі прайшлі ператрусы, была канфіскаваная ўся тэхніка.
Ліквідацыя «Аховы птушак Бацькаўшчыны»
Міністэрства юстыцыі падало ў Вярхоўны суд іск аб ліквідацыі грамадскай арганізацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны», паведаміла «Медиазона».
«У сваіх інфармацыйных матэрыялах дадзенае грамадскае аб’яднанне публічна выказвае ідэю па падтрыманні сярод людзей пратэстнай актыўнасці, выкарыстоўваючы пры гэтым выраз „Птушкі з народам“. На сваіх старонках у сацыяльных сетках грамадскае аб’яднанне публікуе фатаграфіі дэструктыўнай накіраванасці, заклікі да дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак», — пазначана ў іску Мінюста.
У Лідзе мужчыну аштрафавалі за бел-чырвона-белы сцяг на фургоне-рэфрыжэратары
У судзе Лідскага раёна 21 студзеня асудзілі мясцовага жыхара па арт. 24.23 КаАП (несанкцыянаванае пікетаванне). Паводле пратаколу, мужчына «прыняў удзел у пікетаванні шляхам выпуску на лінію аўтамабіля DAF з фургонам-рэфрыжэратарам KOGEL з бел-чырвона-белым сцягам», паведамляе Telegram-канал «Вясна назірае».
Суддзя Уладзімір Федаровіч прызнаў мужчыну вінаватым і пакараў яго штрафам у памеры 320 рублёў (10 базавых велічынь).
Ва Уладзіміра Кнігі — новы «хросны»
Дзевяць еўрапейскіх парламентарыяў далучыліся да кампаніі #WeStandBYyou і сталі «хроснымі» для палітвязняў. Сярод іх — Себасцьян Шэфер, які з’яўляецца дэпутатам нямецкага Бундэстага. Ён узяў на сябе «знак» бацькоўства Уладзіміра Кнігі, паведамляе «Вясна».
«З глыбокім перакананнем я прымаю ролю палітычнага „хроснага“ бацькі Уладзіміра Кнігі і патрабую яго неадкладнага вызвалення, а таксама вызвалення ўсіх іншых палітычных зняволеных», — сказаў Шэфер.
Уладзіміра Кнігу пакаралі чатырма гадамі пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму ў судзе паводле ч. 1 арт. 342 і арт. 364 КК. Па версіі суда Кастрычніцкага раёна Гродна, 29 мая 2020 года Уладзімір Кніга рэзка зачыніў бакавыя дзверы аўтамабіля, у якім везлі затрыманага Сяргея Ціханоўскага, пашкодзіўшы механізм. Пасля гэтага ён нібыта ўдарыў камандзіра роты АМАП Рахунка, а таксама ўтрымліваў яго за форму і розныя часткі цела.
З палітвязнем Вольгі Маёравай знялі абвінавачанне ў тэрарызме
Сын Вольгі падзяліўся з «Новым часам» лістом ад маці, у якім яна паведаміла, што з яе знялі абвінавачванне ў тэрарызме, піша «Вясна».
«Вось толькі нядаўна адправіла табе ліст з нумарамі артыкулаў КК РБ, што мне ў выніку інкрымінуюць, і паведамленне аб новым бясплатным адвакаце. [ … ] Так, адразу напішу, што арт. 16 (6) і 289 (2) з абвінавачвання вынятыя, думаю, што хопіць і пакінутых шасці», — піша палітвязня.
Грамадскую актывістку затрымалі 4 студзеня 2021 года ў сваім доме ў вёсцы Нача Крупскага раёна па «справе Мікалая Аўтуховіча». У доме быў праведзены ператрус, супрацоўнікі КДБ канфіскавалі тэхніку. Раней Вольгу абвінавачвалі па васьмі артыкулах КК.
У Новым замку прэзентавалі экспазіцыю «генацыд беларускага народа»
Наведвальнікі ўбачаць матэрыялы, знойдзеныя падчас даследавання месца масавага пахавання ахвяр нацыстаў пад Наваельняй (Дзятлаўскі раён). У Наваельні ў гады вайны было створана габрэйскае гета, на ўскраіне пасёлка было расстраляна ад 500 да 800 чалавек, паведамілі ў Гродзенскім гісторыка-археалагічным музеі.
Пра «генацыд беларускага народа» ў Беларусі загаварылі ў 2021 годзе і прынялі адпаведны закон. За адмаўленне факту «генацыду беларускага народа» прадугледжана пакаранне: да пяці гадоў пазбаўлення волі, а паўторна — нават да дзесяці гадоў пазбаўлення волі, адзначае гісторык Аляксандр Фрыдман у калонцы Deutsche Welle. Сур’ёзныя пытанні выклікаюць часовыя рамкі «генацыду», вызначэнне «беларускага народа», наступствы закона для гістарычнай навукі і наўмысная палітызацыя гісторыі вайны.
Рэгіна Лавор выйшла на свабоду пасля 10 сутак арышту
Асуджаную на «хатнюю хімію» за абразу міліцыянта Рэгіну Лавор пакаралі 10-дзённым арыштам. У знак пратэсту супраць такога пакарання Рэгіна абвясціла галадоўку. Сваякі спрабавалі перадаць ёй ваду і садавіну, але ў ізалятары часовага ўтрымання перадачы не прынялі і заявілі, што Рэгіна Лавар змешчаная ў ШІЗА. Прынялі толькі лекі, паведаміла «Свабода».
Рэгіну на «хатняй хіміі» часта правяралі міліцыянты. «Участковы прыйшоў, а яна была на другім паверсе дома і не выйшла да яго — усё, парушэнне. Ён напісаў рапарт. На 1 лютага ў Рэгіны была позва ў ДАІ. Яна пайшла па парадку і не вярнулася. Там яе затрымала міліцыя», — патлумачыла крыніца прычыну «пакарання».
Перад рэферэндумам у Мастах затрымалі актывіста, які хацеў увайсці ў выбарчую камісію
У Мастах днём 10 лютага быў затрыманы паэт, сябра Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Дзмітрый Цеслянок, паведамляе Б**сат.
Прычыны затрымання невядомыя. Раней ён спрабаваў трапіць у склад участковай выбарчай камісіі на рэферэндум, аднак яму адмовілі. Увечары 4 лютага да Дзмітрыя прыйшлі два міліцыянты з «прафілактычнай гутаркай».
У Гродне плакат з міліцыянтамі размалявалі чырвонай фарбай
Фота запэцканага фарбай білборда на вуліцы Пушкіна з’явілася ў Telegram-каналах. Раніцай 12 лютага плакат адмывалі супрацоўнікі МНС.
Караеў распавёў пра любімыя месцы ў Гродне і што ў нашым горадзе засмучвае мінчан
Памочнік Аляксандра Лукашэнкі па Гродзенскай вобласці Юрый Караеў 6 лютага даў інтэрв'ю тэлеканалу СТВ. Ён распавёў пра сваю службу, сям’ю, а таксама пра тое, што яму падабаецца Гродна. Hrodna.life паглядзеў інтэр'вю і запісаў самыя цікавыя цытаты.
Гродзенца асудзілі на год калоніі за ўдзел у пратэстах. У яго канфіскавалі аўтамабіль
32-гадоваму гродзенцу Д. вынеслі прысуд у судзе Кастрычніцкага раёна — год калоніі агульнага рэжыму, паведаміла пракуратура. Верагодна, гаворка ідзе пра палітвязня Івана Дуброўскага, чые дадзеныя супадаюць з названымі ў рэлізе.
Фірмы з Гродна пакідаюць людзей з крэдытам і без тавара. Суды падзяліліся: Кастрычніцкі за пакупнікоў, Ленінскі - супраць
Гродзенскія суддзі па адным і тым жа артыкуле Грамадзянскага кодэкса выносяць супрацьлеглыя рашэнні. У Кастрычніцкім раёне падманутым на прэзентацыях пакупнікам дазваляюць не плаціць крэдыт за непатрэбныя рэчы. У Ленінскім пасля вяртання тавару людзі ўсё роўна застаюцца з даўгамі.
Цэнзура ў фотаклубе «Гродна»
У народным фотаклубе «Гродна» дзенічае цэнзура на выставы «ненадзейных» фатографаў. Кіраўнік фотаклуба Аляксандр Ласмінскі не дазваляе праводзіць выставы «палітычна няверным». Гэтую інфармацыю Hrodna.life пацвердзілі тры розныя крыніцы, блізкія да фотаклуба, якія пажадалі застацца ананімнымі.
Памятаеце Юлію Сліўко, якая страйкавала на «Гроднапрамбуд»? Яе будуць высяляць з інтэрната
Паседжанне аб высяленні Юліі Сліўко з інтэрната без прадастаўлення іншага жылога памяшкання пройдзе 9 лютага ў судзе Кастрычніцкага раёна Гродна. Ісцец — «Гроднапрамбуд», дзе працавала Юлія, і пракуратура Гродна. Сама Юлія больш за год жыве ў Польшчы.
Камандзір гродзенскага АМАП Віктар Краўцэвіч пайшоў на павышэнне. Цяпер ён камандзір «Алмаз»
Новага камандзіра палкоўніка міліцыі Віктара Краўцэвіча прадставілі асабоваму складу спецыяльнага падраздзялення па барацьбе з тэрарызмам «Алмаз» 2 студзеня 2022 года. Пра гэта рэдакцыя Hrodna.life даведалася з часопіса «Спецназ» за студзень/люты.
Раней Краўцэвіч быў камандзірам АМАП у Гродне.
У Ваўкавыску за абразу і паклёп асудзілі 69-гадовую жанчыну
69-гадовую Галіну Міхальчук з Ваўкавыска 7 лютага асудзілі на 2,5 гады калоніі за некалькі каментароў. Яе абвінавацілі па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса. Галіна ўпэўненая, што калонія для яе — смяротны прысуд. Яна адзначыла, што сама працавала ў міліцыі і да яе ставіліся з павагай. Справу разглядалі ў судзе Бераставіцы і Бераставіцкага раёна. Раней Галіну ўжо асудзілі за абразу на два гады «хатняй хіміі».
Праваабаронцы прызналі Галіну Міхальчук палітзняволенай, паведамляе «Вясна».
Галоўны міліцыянт Гродзеншчыны распавёў, што будуць рабіць з падпісчыкамі «экстрэмісцкіх» каналаў
«Калі вы сваім выглядам правакуеце», вас могуць спыніць на вуліцы для праверкі тэлефона. Кіраўнік УУС Гродзенскага аблвыканкама Дзмітрый Разянкоў распавёў, для чаго праводзяць вобшукі ў кватэрах, а таксама, што можна лічыць экстрэмізмам.
Яшчэ адзін гродзенскі Telegram-канал прызналі экстрэмісцкім: які гэтым разам?
Інфармацыйную прадукцыю Telegram-канала «Haradzienski» прызналі экстрэмісцкімі матэрыяламі па заяве Гродзенскай абласной пракуратуры. Пра гэта 10 лютага паведаміла Генеральная пракуратура Беларусі.
Былога палкоўніка міліцыі з Іўя асудзілі на 6 гадоў калоніі
Суд Лідскага раёна асудзіў былога падпалкоўніка міліцыі Пятра Буцько з Іўя на шасць гадоў калоніі паводле абвінавачвання ў перавышэнні ўлады (ч.3 арт. 426 КК), паведаміў «Медыязоне» адвакат Буцько.
Аблвыканкам абяцае даць 50 000 рублёў на рэалізацыю вашай ідэі
Конкурс грамадзянскіх ініцыятыў, прысвечаны Году гістарычнай памяці, пачаўся 31 студзеня ў Гродзенскай вобласці, паведаміў тэлеграм-канал «Urban Hrodna». Мэта конкурса — падтрымаць грамадзянскія ініцыятывы для вырашэння сацыяльных пытанняў на мясцовым узроўні. Пераможцы змогуць атрымаць фінансаванне на 40−50 тысяч рублёў. Эксперт патлумачыў, чаму гэта надзвычай прагрэсіўная ініцыятыва і ці варта паспрабаваць удзельнічаць.
Выбухі з гібеллю людзей, рэпосты і сыход суддзяў. Каго апраўдвалі суды ў Гродне і вобласці?
Трое суддзяў на мінулым тыдні вырашылі спыніць адміністрацыйныя справы «ў сувязі з недаказанасцю віны ў здзяйсненні правапарушэння». Так, напрыклад, суддзя Лідскага раёна Уладзімір Фёдаравіч палічыў, што падпіска на «Нехту» не даказвае віну мужчыны. У яго тэлефоне міліцыянты не знайшлі ні перасылкі «экстрэмісцкай прадукцыі», ні яе вырабу, ні захоўвання з мэтай распаўсюду. Да такой жа высновы прыйшлі суддзі Лепельскага раёна і Ленінскага раёна Брэста. У 2020 годзе адсотак апраўдальных прысудаў у Беларусі склаў 0,3%. Дадзеных на 2021 год яшчэ няма. Telegram-канал «Право имеют» узгадаў, каго ў Гродне і вобласці ў розныя гады апраўдвалі па «палітычных» і не толькі справах.
У Ваўкавыску затрымалі медсястру і маці-адзіночку
Затрымалі жыхарку Ваўкавыска Сталярчук Марыну Аляксандраўну. Прычына — распаўсюджванне экстрэмісцкіх матэрыялаў і ўдзел у мітынгах. Марына — медсястра і маці-адзіночка. Навіна пра яе затрыманне з’явілася ў праўладным Telegram-канале 11 лютага
Гродзенскую гімназію перайменавалі першай — у гонар Дзяржынскага
Першай установай адукацыі, якой прысвоілі імя ў межах ініцыятывы перайменавання школаў Гродна, стала гімназія № 6. Цяпер яна афіцыйна называецца гімназія імя Дзяржынскага.