32-гадоваму гродзенцу Д. вынеслі прысуд у судзе Кастрычніцкага раёна — год калоніі агульнага рэжыму, паведаміла пракуратура. Верагодна, гаворка ідзе пра палітвязня Івана Дуброўскага, чые дадзеныя супадаюць з названымі ў рэлізе.

На думку дзяржабвінавачання, гродзенец у верасні 2020 года браў удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. Ён спыніў свой аўтамабіль Toyota Yaris у цэнтры Гродна на мосце праз Нёман, чым «перашкаджаў руху іншага транспарту».

Мужчыну асудзілі паводле ч. 1 арт. 342 КК «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх». Аўтамабіль Toyota Yaris канфіскавалі ў даход дзяржавы як сродак здзяйснення злачынства. Прысуд суда не ўступіў у законную сілу.

Гродзенца асудзілі на год калоніі за ўдзел у пратэстах. У яго канфіскавалі аўтамабіль
Іван Дуброўскі. Фота: «Вясна»

Палітвязню Івану Дуброўскаму 32 гады. Яго затрымалі 1 кастрычніка 2021 года і змясцілі пад варту ў СІЗА турмы № 1 Гродна. 22 лістапада яго прызналі палітвязнем. Івана Дуброўскага пачалі судзіць у студзені ў судзе Кастрычніцкага раёна. Суддзя — Максім Галубовіч.

Раней абставіны справы Дуброўскага не агучваліся журналістамі ці праваабаронцамі. Удакладніць у жонкі, ці сапраўды Івана асудзілі, у Hrodna.life не атрымалася. Яна адмовілася паведаміць гэта, спаслаўшыся на тое, што не хоча публічнасці. У канцылярыі па крымінальных справах суда Кастрычніцкага раёна на пытанні Hrodna.life таксама не адказалі.