Інфармацыйную прадукцыю тэлеграм-канала «Haradzienski» прызналі экстрэмісцкімі матэрыяламі па заяве Гродзенскай абласной пракуратуры. Пра гэта 10 лютага паведаміла Генеральная пракуратура Беларусі.
Канал «Haradzienski» прысвечаны гісторыі, культуры, палітыцы, а таксама актуальным навінам Гродна і рэгіёна. На момант прызнання канала экстрэмісцкім у яго 2297 падпісчыкаў. Канал працуе з лістапада 2019 года.
Падпіска — не тое ж, што захоўванне
З лютага 2021 года пачалі прызнаваць экстрэмісцкімі многія пратэстныя Telegram-каналы і чаты, а таксама каналы медыя, як агульнабеларускія, так і мясцовыя. Пасля рашэння судоў іх ўносяць у рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў. За размяшчэнне спасылак на іх або распаўсюд ці захоўванне інфармацыі (фота, відэа з лагатыпамі) з іх пагражае адміністрацыйная адказнасць і пакаранне ажно да арышту.
Падпіска на такія каналы не роўная захоўванню экстрэмісцкіх матэрыялаў. Тым не менш, падпісчыкам варта праверыць свае тэлефоны і камп’ютары: у наладах Telegram па змаўчанні стаіць запампоўка медыяфайлаў на прыладу. Мы пісалі аб тым, як праверыць і змяніць налады.