Новага камандзіра палкоўніка міліцыі Віктара Краўцэвіча прадставілі асабоваму складу спецыяльнага падраздзялення па барацьбе з тэрарызмам «Алмаз» 2 студзеня 2022 года. Пра гэта рэдакцыя Hrodna.life даведалася з часопіса «Спецназ» за студзень/люты.
Прадставіў новага камандзіра міністр унутраных спраў Іван Кубракоў. Ён адзначыў, што раней 48-гадовы Краўцэвіч быў камандзірам АМАП УУС Гродзенскага аблвыканкама, а да гэтага «многія гады прысвяціў «Алмазу». Хто стане новым камандзірам АМАП у Гродне, пакуль невядома.
Спецыяльнае падраздзяленне па барацьбе з тэрарызмам «Алмаз» (СПБТ «Алмаз») — антытэрарыстычнае спецпадраздзяленне Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі. Яго звязваюць з барацьбой з апазіцыяй з 2002 года — напрыклад, знікненнем журналіста Дзмітрыя Завадскага, затрыманнем Аляксандра Казуліна ў 2006 годзе і збіццём Уладзіміра Някляева ў 2010-м. Байцы падраздзялення ўдзельнічалі ў разгоне масавых акцый пратэсту і ў 2020-м.
Віктар Краўцэвіч — уладальнік крапавага берэта. Гэта вышэйшая форма адзначэння ваеннаслужачых падраздзяленняў спецыяльнага прызначэння ўнутраных войскаў МУС. Ён пачынаў службу ў 1995 годзе з пасады міліцыянта. Камандзір асаблівага атрада асабіста бываў на акцыях пратэсту, не хаваў свой твар і сам затрымліваў людзей. У снежні 2020 года яго ўзнагародзіў асабіста Аляксандр Лукашэнка. Краўцэвіч сведчыў у судзе па крымінальных справах. Прыходзіў у магазін «Адметнасць» і рэдакцыю Hrodna.life. Праводзіў гутаркі з гродзенцамі падчас навагодніх мерапрыемстваў 2020−2021 года.
У Цэнтральнае ўпраўленне па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю Чэхіі грамадзянін Беларусі падаў заяву аб катаваннях з боку беларускіх сілавікоў. Адвакат пацярпелага распавёў, што ў справе фігуруе начальнік гродзенскага АМАП Віктар Краўцэвіч, паведаміла «С**бода».
Да гэтага камандзірам СПБТ «Алмаз» з 2010 года быў палкоўнік міліцыі Віктар Зураеў.
Чытайце таксама: Выбар АМАПа Гродна: як перастаць бегаць за медалямі і прымусіць усіх цябе ненавідзець