У гандлёва-забаўляльным цэнтры «TRINITI» 14 студзеня адкрылася выстава «Дом» мастака Паўла Татарнікава. Аўтар прадставіў рэтраспектыву з нагоды свайго 50-годдзя і 80-годдзя свайго бацькі Юрыя Татарнікава, які ўжо пайшоў з жыцця.

“Што ў тры гады маляваў, то і зараз”. Мастак Павел Татарнікаў прывёз у Гродна рэтраспектыўную выставу
Павел Татарнікаў. Фота: Hrodna.life

«Я прывёз сюды палатно свайго бацькі, якое ён напісаў на рубяжы 1990 года. Ёсць партрэт, дзе мяне намалявала мама. Таксама мае дзіцячыя малюнкі. Паглядзеў на іх — нічога не змянілася: што ў тры гады маляваў, то і зараз прыкладна», — сказаў Павел Татарнікаў.

“Што ў тры гады маляваў, то і зараз”. Мастак Павел Татарнікаў прывёз у Гродна рэтраспектыўную выставу
Палатно «Дом» мастака Юрыя Татарнікава. Фота: Hrodna.life

«Я заўсёды любіў Гродна. Персанальных выставак у мяне тут было больш чым дзе заўгодна ў іншых гарадах», — распавёў Татарнікаў. На выставе аўтар прадставіў выяву Старога Замка ў Гродне.

Акрамя гэтага Павел Татарнікаў прывёз у Гродна ілюстрацыі да зборніка беларускіх народных казак «Залатая шарсцінка, срэбная павуцінка».

Хто такі Павал Татарнікаў

Павал Татарнікаў - беларускі мастак-графік, кніжны ілюстратар. Нарадзіўся ў Брэсце ў 1971 годзе ў сям'і мастакоў. У 1989 г. скончыў Рэспубліканскі каледж мастацтваў, у 1995 — аддзяленне графікі Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Сябра Беларускага саюза мастакоў.

У 2016 годзе стаў ілюстратарам гістарычнай кнігі Уладзіміра Арлова — «Айчына. Ад Рагнеды да Касцюшкі». Таксама ілюстраваў кнігі гродзенскага гісторыка Аляксандра Краўцэвіча.

У лютым 2017 года па просьбе гісторыка Міколы Волкава зрабіў шэраг накідаў брамы Старога замку ў такім выглядзе, у якім, на думку гісторыка, яе варта было б аднаўляць.