У 84 800 беларускіх рублёў абыдзецца Гродзенскаму аблвыканкаму друк віншаванняў на 2022 год ў мясцовай прэсе. Грошы возьмуць з абласнога бюджэту. З чым будуць віншаваць гродзенцаў і якія крытэрыі для выбару газеты, рэдакцыя Hrodna.life даведвалася на сайце дзяржзакупак.

Галоўнае ўпраўленне ідэалагічнай работы і па справах моладзі Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта праводзіць дзяржзакупку. Да 19 студзеня праходзіць працэдура запыту цэнавых прапаноў. Матэрыялы будуць рыхтаваць па творчай канцэпцыі, распрацаванай і зацверджанай аблвыканкамам.

З чым будуць віншаваць і колькі гэта каштуе?

  • паслугі па публікацыі ў газеце афіцыйных віншаванняў з дзяржаўнымі святамі (Дзень Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, Дзень яднання народаў Беларусі і Расіі, Дзень Перамогі, Дзень Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь і Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь, Дзень незалежнасці Рэспублікі Беларусь (Дзень Рэспублікі), рэлігійнымі святамі (Раство Хрыстова (праваслаўнае і каталіцкае Раство), Вялікдзень (па календары праваслаўнай і каталіцкай канфесій), святочнымі днямі (Новы год, Дзень абаронцы Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, Дзень жанчын, Свята працы, Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі), Днём горада Гродна і юбілейнымі датамі гарадоў вобласці, прафесійнымі святамі каштуюць 2000 рублёў.
  • паслугі па публікацыі ў газеце нарматыўных прававых актаў Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта, Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў - 3600 рублёў.
  • паслугі па інфармаванні насельніцтва аб дзейнасці Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта, Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў (публікацыі аб пасяджэннях у абласным выканаўчым камітэце, анонсах і выніках «прамых тэлефонных ліній», прэс-турах, прэс-канферэнцыях, прыёмах грамадзян, сустрэчах з насельніцтвам па месцы жыхарства, асвятленне адзіных дзён інфармавання ў арганізацыях і прадпрыемствах горада Гродна, акцый і іншых мерапрыемстваў, якія маюць агульнадзяржаўнае і агульнаабласнае значэнне — 42 400 рублёў.
  • паслугі па інфармаванні насельніцтва аб дзейнасці грамадскіх аб’яднанняў - 9600 рублёў.
  • паслугі па асвятленні ў газеце рэалізацыі дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі ў Гродзенскай вобласці (аб другаснай занятасці моладзі і дзейнасці студэнцкіх атрадаў, аб адоранай і таленавітай моладзі, аб маладых спецыялістах, якія прыбылі на першае месца працы ў Гродзенскую вобласць — аб моладзевых акцыях і ініцыятывах і інш.) — 17 600 рублёў.
  • паслугі па публікацыі ў газеце матэрыялаў аб людзях, якія ўнеслі значны ўклад у развіццё Гродзенскай вобласці (ветэранах працы, перадавіках вытворчасці, вучоных, грамадскіх дзеячаў і інш.) — 9 600 рублёў.

Пад умовы закупкі пасуе толькі адна газета

Газета павінна выходзіць не менш за двы разы на тыдзень, за выключэннем святочных і выхадных дзён. Тыднёвы наклад газеты павінен складаць 18−23 тысяч асобнікаў. Аб’ём газеты павінен складаць не менш за 2816 палос фармату А3 за год. Магчымасць публікацыі матэрыялаў - не менш за пяць палос фармату А3 у адным нумары на тыдзень.

Распаўсюджвацца газета павінна ва ўсіх раёнах Гродзенскай вобласці праз «Белсаюздрук» і «Белпошту», праз рознічную гандлёвую сетку, праз кіёск «Белінфацэнтр».

Такім чынам, пасуе пад апісанне толькі «Гродзенская праўда». «Вечерний Гродно» выходзіць адзін раз на тыдзень, а тыраж «Песпективы» — 10 тысяч асобнікаў, акрамя таго, яна распаўсюджваецца толькі па Гродзенскім раёне.