З красавіка 2023 года выпускнікі школаў будуць здаваць аб’яднаныя выпускныя іспыты для 11-х класаў і цэнтралізаванае тэставанне. Гэта тычыцца экзамена па адной з дзяржаўных моваў (беларуская альбо руская) і матэматыцы, паведаміў тэлеканал «Гродно плюс».

Выпускнікам 11-х класаў па выніку цэнтралізаванага экзамена ў атэстат будуць выстаўляць сярэдняе арэфмітычнае гадавой адзнакі і выніку экзамена. Таксама будуць выдаваць сертыфікат для ўдзелу ў конкурсе пры паступленні ў ВНУ. Ён будзе адрознівацца ад сертыфіката ЦТ, які выдаюць зараз.

Міністэрства адукацыі таксама ўвядзе новую спецыфіку тэставых заданняў і павялічыць на 30 хвілін час тэставання па фізіцы і матэматыцы. Замест трох гадзінаў, тэст будуць здаваць 3,5 гадзіны.

Калі ўжо планавалі аб’яднаць ЦТ і выпускныя экзамены?

У 2004−2005 годзе быў часткова прыняты прынцып адзінага экзамена па беларускай і рускай мовах. Выпускнік школы меў права прад’явіць сертыфікат з вынікамі тэставання па мовах адміністрацыі школы замест выпускнога экзамена па гэтых прадметах.

У 2005 годзе абітурыент наогул быў абавязаны пры паступленні ў ВНУ альбо ССНУ прайсці толькі ЦТ па беларускай ці рускай мове і пазней заявіць вынікі ў школу замест экзаменаў.

Пазней ад гэтай практыкі адмовіліся. Нанова аб’яднаць ЦТ і выпускныя экзамены ў школе прапаноўвалі ў 2016-м годзе. Папярэдні міністр адукацыі Міхаіл Жураўкоў не выключаў, што гэта можа адбыцца ў 2020−2021 годзе.

У студзені 2020 года міністр адукацыі Ігар Карпенка паведаміў, што праграма аб’яднання экзаменаў ўжо створана. Але на ўвядзенне зменаў спатрэбіцца яшчэ некалькі бліжэйшых гадоў. У жніўні 2021 года Карпенка чарговы раз заявіў, пра аб’яднанне выпускных экзаменаў і ЦТ.

У якіх краінах працуе такая сістэма?

Аб’яднаная сістэма ісптытаў (ЕГЭ — Единый государственный экзамен) з 2007 года дзейнічае ў Расіі. Таксама ў Польшчы, Чэхіі, Аўстрыі, Албаніі, Баўгарыі, Італіі і шэрагу іншых Еўрапейскіх краін існуе так званы атэстат сталасці - Matura. Школьнікі ва Украіне здаюць ЗНА (Знешняе незалежнае адзначэнне). У Казахстане дзейнічае сістэма АНТ (Адзінае нацыянальнае тэставанне).

Што зараз адбываецца ў беларускіх ВНУ?

У 2021 годзе ў 50 беларускіх ВНУ планавалі ўзяць амаль 54,9 тысяч першакурснікаў. У выкіну недабор абітурыентаў склаў больш за 5000 чалавек. БДУ, БНТУ, БДУІР, БДПУ, Ваенная акадэмія аб’явілі аб дадатковым наборы на бюджэт. Але і пасля яго ва ўніверсітэтах засталося больш за 400 вольных месцаў.