Раніцай 13 студзеня ў Гродне затрымалі як мінімум дзвюх жанчын. Гэта кандытар Анастасія Ждановіч і Таццяна Саўко.

Каля 9 раніцы 13 студзеня затрымалі Анастасію Ждановіч, якая робіць торты і капкейкі. Пра гэта распавяла яе сяброўка, якую Анастасія папрасіла забраць яе дачку. Праз дзве гадзіны гродзенку адпусцілі. «Я ўжо дома. Усё добра», — коратка напісала ў Instagram сама Анастасія. Аб прычынах затрымання яна не распавяла.

Таксама 13 студзеня сілавікі прыйшлі да 42-гадовай Таццяны Саўко. Гэта мама Карыны Маліноўскай, якую затрымлівалі ў жніўні 2020 года. Па словах Карыны, яна была цяжарная, але пасля РАУС трапіла ў бальніцу і страціла дзіця. Пасля гэтага гродзенка з’ехала ў Польшчу.

Дзяўчына распавяла аб затрыманні мамы ў Instagram. Сілавікі прыйшлі дадому ў 6.00 з пастановай на ператрус і затрыманне. Таццяне далі час хутка сабрацца — нават не дазволілі пачысціць зубы. Рэчаў з сабою ўзяць не дазволілі. Ператрус на лецішчы сям'і ўжо прайшоў.

Прычыну затрымання сілавікі не сказалі. Па словах Карыны, мама не хадзіла на мітынгі і не пакідала каментароў, якія маглі стаць прычынай для крымінальнага артыкула. Крымінальныя справы заведзеныя толькі на Карыну. Дзяўчына лічыць, што на яе ціснуць праз маму: ёй неаднаразова тэлефанавалі і прыходзілі ў пошуках Карыны.

Паводле абноўленай інфармацыі ад Карыны, яе мама знаходзіцца ў Ленінскім РАУСе. На яе складаюць пратакол па арт. 19.11 КаАП «Распаўсюд, выраб, захоўванне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці або якая прапагандуе такую дзейнасць». У якім стане яна, невядома.

Паводле інфармацыі Hrodna.life, затрыманні могуць быць таксама звязаныя з удзелам у мітынгу 6 верасня 2020 года. За апошні час за той мітынг у Гродне маглі затрымаць да пяці чалавек.

Чытайце таксама: Гродзенскі аналаг «карагоднай справы»: за адну акцыю пратэсту ў верасні 2020 года судзяць дзясяткі чалавек