Палітвязень Васіль Пілец пасля аднаго года «хіміі» 11 студзеня выйшаў на волю, паведаміла «Вясна». Ён адбываў пакаранне ў папраўчай установе адкрытага тыпу № 29 у Ваўкавыску.

Палітвязень з Гродна, якога асудзілі за абарону нацыянальнага сцяга, выйшаў на волю
Васіль Пілец падчас суда.

За што Васіль Пілец адбываў пакаранне

Суд Кастрычніцкага раёна Гродна асудзіў Пільца 12 лютага 2021 года. Яму прысудзілі год «хатняй хіміі» па ч.1 арт.339 КК (Хуліганства). Прычынай іску стаў канфлікт з праўладнай актывісткай Вольгай Бондаравай. Паводле Пільца, ён падчас шпацыру з сынам і сабакам убачыў, што двое зафарбоўваюць бел-чырвона-белы сцяг на тратуары. Калі Пілец зрабіў заўвагу, Бондарава стала здымаць яго на мабільны тэлефон. Пасля чаго Васіль Пілец нібыта штурхануў актывістку.

Акрамя «хіміі» суд пастанавіў спагнаць з Пільца 1000 рублёў кампенсацыі маральнай шкоды і 87 рублёў за дзяржпошліну. Пілец віну не прызнаў.

Каму яшчэ псавала жыццё Бондарава

Гродзенца Вадзіма Плаўскага асудзілі на паўтары гады калоніі ў красавіку 2021 года таксама з-за канфлікту з Бондаравай. 30 кастрычніка 2020 года Плаўскі шпацыраваў з дачкой па Альшанцы. Яны заўважылі белыя стужкі на дрэвах: адну з іх у рукі ўзяла дачка Вадзіма. У гэты час да іх падышла Бондарава і пачала здымаць Плаўскага на камеру. Мужчына адправіў дачку дадому і паваліў Вольгу на зямлю. Плаўскі ўпэўнены, што яго справакавалі.

Гродзенец Юрый Яраш у лютым 2021 года атрымаў позву ў суд з-за фігуркі гнома на падваконні. У руцэ ў гнома быў сцяжок з «Пагоняй». Цацку ў акне расцанілі як адзіночны пікет. Сведкай па справе была акурат Вольга Бондарава. Справу спынілі ў сувязі са скончаным тэрмінам прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці.

У лістападзе 2021 года Бондарава пачала барацьбу з Marvel. Яна праз зварот у Мінкульт хацела зняць фільм «Вечные» з пракату «ў сувязі з адкрытай прапагандай гомасэксуалізму і нетрадыцыйных палавых адносін» і «пакараць вінаватых у допуску да паказу дадзенай нізкагатункавай ЛГБТ-прапаганды». Рэспубліканская экспертная праглядзела фільм і не знайшла там нічога забароненага.

Чытайце таксама: Актывістка «ІнфаCпецНаз» Вольга Бондарава спагнала з палітвязня 1000 рублёў за маральныя пакуты