Суд Чыгуначнага раёна Віцебска адмовіў кіраўніцтву віцебскай «хіміі» ў змене рэжыму ўтрымання для Ігара Банцэра. Рашэнне вынеслі 24 лістапада. Паводле папярэдняга прысуду Ігара меліся перавесці з «хіміі» ў калонію, пасля якой ён мусіў вызваліцца ў лістападзе.

Рашэнне аб пераводзе на больш жорсткі рэжым 29 верасня ў тым жа судзе вынес суддзя Аляксеенка. Тады Ігару прысудзілі пакаранне ў 1 месяц і 25 дзён калоніі агульнага рэжыму. Нагодай для змены рэжыму палічылі шэсць парушэнняў: не быў у ложку пасля «адбою», не пагаліўся, кепска прыбраў у камеры, заснуў на крэсле, нібыта крычаў на супрацоўніка ізалятара, на «хіміі» запісаў відэа для кліпа Лявона Вольскага і Маргарыты Ляўчук.

Аднак праз месяц пасля прысуду выявілася, што судовыя дакументы аформілі няправільна: у іх спаслаліся на артыкул 415 Крымінальнага кодэксу, які нядаўна выключылі з заканадаўства, паведамляе «Радыё Свабода».

Пры змене рэжыму ўтрымання адбываецца пералік тэрміну паводле арт. 75 Крымінальнага кодэкса: для поўнагадовых вязняў 1 дзень у СІЗА роўны 1,5 дням пазбаўлення волі ў калоніі агульнага і ўзмоцненага рэжыму, 1 дню арышту, 2 дням абмежавання волі на «хіміі» (у тым ліку і хатняй).

Першапачаткова Ігар Банцэр мусіў вызваліцца з «хіміі» ў лютым 2022 году. Калі бы рашэнне аб пераводзе яго ў калонію засталося ў сіле, з пералікам тэрмін пакарання скончыўся бы ў лістападзе 2021 года. Накіравання ў калонію Ігар Банцэр чакаў у СІЗА ў Віцебску. Там ён прабыў месяц, потым на некалькі дзён яго вярнулі на «хімію», адтуль накіравалі ў штрафны ізалятар (ШЫЗА) у Гарадок (Віцебская вобласць).

ШЫЗА яго пакаралі за тое, што ён адмовіўся пасяліцца ў камеру да чалавека з «нізкім статусам» [паводле турэмнай іерархіі; згодна з турэмнымі законамі, некаторыя кантакты з такімі людзьмі таксама могуць перавесці вязня ў такі статус], і таму, што на карантыне ўдзень ляжаў, а не сядзеў на ложку. Ацяплення ў камеры не было, перад судом ён моцна прастудзіўся.

Зараз, пасля апошняга суду 24 лістапада пакуль не зразумела, якім чынам пералічаны для палітвязня тэрмін адбывання пакарання, і калі ён вызваліцца.

Як музыка Ігар Банцэр трапіў на «хімію»

Ігара Банцэра асудзілі за перформанс у верасні 2020 года, які прызналі хуліганствам. Суддзя Наталля Козел 19 сакавіка прысудзіла яму 1,5 гады абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Яго вызвалілі з-пад варты ў зале суда пад падпіску аб нявыездзе.

З 17 чэрвеня 2021 года Банцэр адбываў пакаранне ў папраўчай установе адкрытага тыпу № 9 у Віцебску.

Да таго пяць месяцаў Ігар знаходзіўся ў турме № 1 у Гродне. Ад 3 сакавіка, калі пачаўся разгляд справы ў судзе, Ігар трымаў «сухую» галадоўку (не прымаў ежы і вадкасці) 16 дзён. 15 сакавіка праваабаронцы прызналі Банцэра палітвязнем. У выніку галадовак у яго пагоршылася здароўе.

На «хіміі» музыку змяшчалі ў ШЫЗА і раней, некалькі разоў працягвалі тэрмін знаходжання там. Да першага суда ён правёў у ШЫЗА агулам 40 дзён. 19 з іх ён трымаў галадоўку і схуднеў на 10−15 кг. Вярнуўшыся з ізалятара, ён даведаўся пра ліст ад Юрыя Васкрасенскага з прапановай папрасіць памілавання. Музыка адмовіўся. У яго прынцыповая пазіцыя — «Не падпісваць лісты ад „праўладных дзеячаў“».