У Гродне ліквідуюць таварыства абароны правоў спажыўцоў «Рэвізор». Яго юрысты дапамагалі людзям вяртаць грошы за дарагія цуда-тавары з прэзентацый. Старшыня аб’яднання напісаў скаргу на дзеянні абласнога ўпраўлення юстыцыі ў Камітэт дзяржкантролю.

Не знайшлі штатны расклад

Рашэнне аб ліквідацыі грамадскага аб’яднання «Таварыства абароны правоў спажыўцоў г. Гродна «Рэвізор» прыняў Гродзенскі абласны суд 27 жніўня 2021 года. Іск падала начальнік Галоўнага ўпраўлення юстыцыі Гродзенскага аблвыканкама Алена Юргель. Прычына — таварыства не прадставіла ў патрэбныя тэрміны неабходныя для праверкі дакументы. Старшыня «Рэвізора» Алег Калінкоў абскарджвае рашэнне аб ліквідацыі ў Вярхоўным судзе.

«Нам паставілі ў віну, што мы паўторна не падалі штатны расклад за 2020 год і справаздачы праўлення і рэвізара аб працы аб’яднання», — растлумачыў Hrodna.life сутнасць прэтэнзій Алег Калінкоў.

Большую частку запытаных папер, па словах Калінкова, ён перадаў ва ўпраўленне юстыцыі своечасова. Некаторых дакументаў са спісу ўвогуле не існавала, яшчэ частку не паспеў аднесці:

«6 жніўня я атрымаў пісьмовае папярэджанне за непрадстаўленне дакументаў. Каб гэта выправіць, далі тэрмін да 30 ліпеня. Як я магу адправіць дакументы ў мінулае?»

У гэты ж дзень, 6 жніўня 2021 года, упраўленне юстыцыі накіравала ў суд іск аб ліквідацыі арганізацыі.

«Значыць, гэта камусьці выгадна»

Таварыства абароны правоў спажыўцоў «Рэвізор» працуе ў Гродне з 2014 года. Апошнія 4 гады спецыялізуецца на дапамозе ахвярам прэзентацый, якія набылі коўдры, рондалі, пыласосы ды іншыя тавары па завышаных у дзясяткі разоў коштах. Алег Калінкоў вядомы таксама як грамадскі актывіст — ён выкрывае арганізатараў падпольных каналаў гандлю наркотыкамі, падтрымлівае рух «Маці 328».

У лютым 2021 года «Рэвізор» патрапіў пад хвалю праверак, ініцыяваных Следчым камітэтам у дачыненні да грамадскіх аб’яднанняў. У офісе адбыўся ператрус, канфіскавалі дакументы і тэхніку.

Аднак сам Калінкоў не звязвае ліквідацыю таварыства з палітычнымі прычынамі. На яго думку, такому развіццю падзей маглі садзейнічаць нядобразычліўцы. Старшыня «Рэвізора» напісаў скаргу ў Камітэт дзяржкантролю РБ. Ён просіць праверыць дзеянні абласнога ўпраўлення юстыцыі і магчымыя сувязі чыноўнікаў з фірмамі - арганізатарамі прэзентацый.

«Выглядае так, што нас вырашылі прыбраць пад любой падставай. Значыць, гэта камусьці выгадна», — кажа ён.

За чатыры гады працы «Рэвізор» засудзіў больш за дзесяць фірм — «Лама Голд», «Велмакс плюс», «Інвітан» ды іншыя. Частка з іх закрыліся ці пераўтварыліся ў новыя кампаніі. Штогод юрысты арганізацыі скасоўвалі праз суд ці ў прэтэнзійным парадку каля 200 дамоваў куплі-продажу. Несумленныя прадаўцы, апроч кампенсацыі спажыўцу, плацілі штрафы ў мясцовы бюджэт. Сума даходзіла да 30 000 рублёў за год.

У Гродне, акрамя «Рэвізора», працуюць яшчэ тры грамадскія аб’яднанні па абароне правоў спажыўцоў. Адно з іх — Гродзенскае абласное таварыства абароны правоў спажыўцоў падманутых на прэзентацыях — спецыялізуецца на тых жа справах, што і «Рэвізор».

Каго яшчэ ліквідуюць у Гродне

У Беларусі за апошнія месяцы ліквідавалі дзясяткі грамадскіх аб’яднанняў, некамерцыйных і дабрачынных арганізацый. У Гродне пад «зачыстку» трапілі Гродзенскі дзіцячы хоспіс, ГА «ВелаГродна», «Цэнтр «Трэці сектар», Студыя карысных кампетэнцый, Цэнтр гарадскога жыцця, Гродзенскі рок-клуб, Федэрацыя кантактнага каратэ кёкусінкай, дзіцяча-юнацкі клуб таэквандо ды іншыя установы.

У інтэрв'ю тэлеканалу ВВС 19 лістапада 2021 года Лукашэнка заявіў, што ў Беларусі будуць і далей «выразаць» усіх «мярзотнікаў», якіх фінансуе Захад. Пры гэтым ён адзначыў, што калі нехта трапіў у гэты спіс выпадкова, яго неадкладна адновяць:

«Калі вы лічыце, што нейкая арганізацыя, НКА ці НДА, ліквідаваная незаслужана, яшчэ нешта — калі ласка, звярніцеся, можаце наўпрост да мяне. Я цягам сутак разбяруся. Цягам сутак».

Читайте также: