З Гродзенскага абласнога драматычнага тэатра звольніўся харэограф і балетмайстар Аляксандр Цебянькоў. Пра гэта ён напісаў 11 лістапада ў сваім Facebook. Ён працаваў у тэатры з 1996 года.

«Больш нясцерпна. Надзеі на перамены пакуль так і застаюцца надзеямі, а тое, што адбываецца ў „храме мастацтва“ зараз… напэўна, гэта дакладнае і літаральнае адлюстраванне ўсяго таго, што адбываецца ў краіне. Самае абсурднае ў нашай сітуацыі тое, што людзі, якія ў кантэксце тэатра проста смешныя і недарэчныя, і якіх, па-добраму, на гарматны выстрал нельга падпускаць да гэтай справы, прызначаюцца „кіраўнікамі“, а калі дакладней, „пільнуючымі за тэатрам“. Вось яны і спрабуюць апраўдаць давер — „пільнуюць“, „палітычныя погляды“ і іншае», — напісаў на сваім Facebook Аляксандр Цябенкоў.

“Апошні час я моцна сумняваўся ў самім слове “тэатр”. З гродзенскага драмтэатра звольніўся харэограф Аляксандр Цебянькоў
Аляксандр Цябенкоў падчас выступу. Фота: drama.grodno.by

Апошні час я моцна сумняваўся ў самім слове «тэатр»

«Пасля таго, як группа тэатра пазбавілася больш паловы свайго складу, тэатр моцна змяніўся. Шматлікія былі звольненыя пасля вядомых падзеяў [пасля прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня 2020 года — заўв. Hrodna.life], хтосьці сышоў сам „па згодзе бакоў“, з кімсьці не працягнулі кантракты. Апошні час я, шчыра кажучы, ужо моцна сумняваўся ў самім слове „тэатр“. А прыход новага рэжысёра гэтыя сумнёвы толькі ўзмацніў. То бок, мой сыход абсалютна натуральна выцякаў з сённяшняй сітуацыі і быў толькі справай тэхнікі», — распавёў Hrodna.life харэограф Аляксандр Цябенкоў.

Аляксандр Цебянкоў — харэограф і балетмайстар Гродзенскага абласнога драматычнага тэатра. Скончыў Арлоўскі філіял Маскоўскага дзяржаўнага інстытута культуры. У 1994 годзе стварыў уласную суполку — мадэрн-балет «Галерэя» дзе ставіў эксперыментальныя працы. З 1996 года працаваў у Гродзенскім абласным драмтэатры як харэограф і балетмайстар у спектаклях.

Па словах Аляксандра, ён бы ні разу не здзівіўся, калі б з ім не працягнулі кантракт яшчэ раней. Як напрыклад з акторкай Аксанай Плікус і балетмайстаркай Вікторыяй Бальцар.

«Ці то па недаглядзе, ці то з-за таго, што „ў лесе нешта здохла“, як казала мая бабуля, гэтага не адбылося. Штосці ўтрымлівала там мяне самога — напэўна, надзеі на перамены ўсё ж такі. І няхай яны пакуль так і застаюцца надзеямі, упэўнены, што яны непазбежныя і ўжо ў хуткай будучыні», — кажа Аляксандр.

Чытайце таксама: Драмтэатр забараніў юбілейную выставу танцораў

Пра кар’еру разносчыка піцы пакуль не думае

Пра свае планы на будучыню Аляксандр кажа няшмат. «Пра кар’еру разносчыка піцы пакуль не думаю. Спадзяюся працягнуць займацца творчымі рэчамі. Тым больш, што ёсць разнастайныя ідэі, якія даўно чакаюць сваёй рэалізацыі», — падзяліўся Аляксандр.

Чытайце таксама: «Я для сябе казаў, што тэатр у палітыцы». Рэжысёр Сяргей Курыленка — пра сітуацыю пасля выбараў і жыццё ў Польшчы