Палітвязень і журналіст Дзяніс Івашын напісаў заяву на сустрэчу з доктарам праз праблемы з сэрцам. Блогеру Vadimati прад’явілі канчатковае абвінавачванне, яго справу перадалі ў пракуратуру. За ўдзел у «Маршы адзінства» да 2,5 гадоў «хатняй хіміі» прысудзілі 62-гадовую прыбіральшчыцу. Hrodna.life вывучыў, што адбылося ў Гродне і вобласці з 8 па 14 лістапада.

Заахвочванні за вакцынацыю ад COVID-19

На ААТ «Белкард» работнік можа атрымаць 50 рублёў кампенсацыі, калі дасць любое пацверджанне вакцынацыі: прынясе даведку або вышле фота дакумента на Viber. Зараз на заводзе працуе больш за 1600 работнікаў.

«Калі казаць аб кіраўніках першага звяна, а іх каля 60 чалавек, тут назіраецца высокі працэнт вакцынаваных — больш за 70. А што тычыцца астатняга персаналу — толькі выходзім на 25%. Вось такая разбежка», — расказаў sb.by намеснік дырэктара прадпрыемства Юрый Бекіш.

На гродзенскім РУП «Фармацыя» работнікі, якія прышчапіліся ад COVID-19, могуць разлічваць на тры базавыя (87 рублёў) матэрыяльнага заахвочвання. Выплаты на агульную суму 33 тыс. рублёў ужо атрымалі каля 450 работнікаў. Для тых, каму прышчэпка супрацьпаказаная, прадугледжана выплата па адной базавай велічыні на вітамінізацыю, паведамляе «Гродзенская праўда».

Затрыманні ў рэгіёнах

  • Дзяніса Жукоўскага са Слоніма затрымалі за «ўдзел у экстрэмісцкіх Telegram-каналах і чатах», дзе ён размяшчаў інфармацыю пра супрацоўнікаў міліцыі і службовых асоб.
  • Уладзімір Сцепаненка з Бярозаўкі таксама затрыманы. Уладзімір працуе на Лідмашы майстрам рамонтна-будаўнічага ўчастка. Яго затрымалі за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў у «Аднакласніках». Пазней стала вядома, што яго асудзілі на 30 базавых велічынь (870 рублёў) на падставе ч.2 арт.19.11 КаАП. Таксама ў яго канфіскавалі мабільны тэлефон. Суддзя — Ярмаковіч Наталля Уладзіміраўна.
  • У Гродне ГУБАЗіК затрымаў 28-гадовага Аляксея Мандзіка — работніка гарадской паліклінікі № 5, загадчыка аддзялення прафілактыкі, урача-тэрапеўта. Прычына затрымання — удзел у «дэструктыўных Telegram-каналах», дзе ён пісаў «дэструктыўныя і абразлівыя каментары» на адрас супрацоўнікаў міліцыі.
  • Гродзенца Аляксея Забірана затрымалі за абразу супрацоўніка ГУБАЗіК. Абразіў ён яго ў Telegram-чаце, прызнаным экстрэмісцкім.

Судовыя паседжанні

На гэтым тыдні ў Гродне трох чалавек судзілі паводле арт. 342 ч. 1 «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх» і аднаго — паводле арт. 363 ч. 2 «Супраціў супрацоўніку органаў унутраных спраў або іншай асобе, якая ахоўвае грамадскі парадак».

Канчатковае абвінавачванне Vadimati

Блогеру Vadimati прад’явілі канчатковае абвінавачванне. Справу перадалі ў пракуратуру. Хутка справу перададуць для разгляду ў суд. Ён будзе праходзіць у Шчучыне.

Абвінавачванне засталося ранейшым: «Абраза прэзідэнта» (368 КК) і «Здзек з дзяржаўных сімвалаў» (370 КК). Да гэтага блогера некалькі раз асудзілі па адміністрацыйных артыкулах.

Чарговы суд за марш 6 верасня 2020 года

У Гродне за ўдзел у «Маршы адзінства» 2,5 гады «хатняй хіміі» прысудзілі 62-гадовай прыбіральшчыцы.

Івашыну патрэбен доктар, а Vadimati прад'явілі канчатковае абвінавачванне. Як прайшоў тыдзень у Гродне і вобласці
Яніна Глазкова. Фота: Вясна

Жыхарку Гродна Яніну Глазкову абвінавацілі ва ўдзеле ў «Маршы адзінства» 6 верасня 2020 года. Паводле абвінавачання, жанчына «была актыўным удзельнікам групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, не падпарадкоўвалася загадам міліцыянтаў».

Яніна распавяла, што на месца падзей трапіла выпадкова: у той дзень яна ішла ў касцёл, каб замовіць імшу — жанчына даглядала хворага бацьку. Сведкі-міліцыянты — Ангеліна Нагорная, Мікалай Задоеў і Сяргей Цімафееў - прасілі дапытваць іх за шырмай, бо «ў выпадку пазнавання тыя асцерагаюцца за сваё жыццё і здароўе».

Палітвязню Ігару Банцэру дадалі яшчэ 10 сутак ШЫЗА

Гродзенскаму актывісту і музыку прысудзілі 1 месяц і 25 дзён калоніі за нібыта парушэнне турэмных правілаў. Аднак з-за абскарджання гэтага рашэння суда Банцэра 29 кастрычніка зноў перавялі на «хімію» — у выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу № 9 у Віцебску (і практычна адразу змясцілі яго ў штрафны ізалятар), паведамляе Б**сат.

Цяпер ад сям'і Ігара стала вядома, што да гэтага тэрміну ў СІЗА дабавілі яшчэ 10 сутак.

Дзяніс Івашын мае патрэбу ў доктары

Палітвязень і журналіст Дзяніс Івашын напісаў заяву на сустрэчу з доктарам. Ён па-ранейшаму мае праблемы з сэрцам, напісала яго жонка Вольга.

Палітвязень Дзяніс Івашын праходзіць падазраваным па ч. 1 арт. 356 КК «Здрада дзяржаве» і па арт. 365 «Умяшальніцтва ў дзейнасць супрацоўніка органаў унутраных спраў». Дзяніса Івашына затрымалі 12 сакавіка. Яго прызналі палітвязнем. Ён адмовіўся пісаць Аляксандру Лукашэнку ліст з просьбай аб памілаванні.

На волю выйшлі трое фігурантаў «справы Рабочага руху»

Палітвязні Максім Саковіч, Наталля Белабехава і Святлана Зыль 12 лістапада вызваленыя пад заклад, даручальніцтва і падпіску аб не нявыездзе. Астатнія 10 палітвязняў застаюцца пад вартай у Гомельскім СІЗА. Ім пагражае да 15 гадоў турмы за «здраду дзяржаве».

Сярод іх — і гродзенцы Уладзімір Жураўко, Андрэй Пагерылаў, Сяргей Шэлест, Валянцін Цераневіч.

Зняволеных у СІЗА абмежавалі ў падпісцы на друкаваныя выданні

Гэта вынікае з адказу кіраўніка СІЗА-1 Андрэя Цэндрыка на зварот родных палітзняволенага. Аказваецца, адпаведныя змены былі ўнесеныя ў Правілы ўнутраннага распарадку следчых ізалятараў яшчэ 30 чэрвеня гэтага года адпаведнай пастановай МУС, а ўступілі ў сілу — 29 верасня, паведамляе «Вясна».

З ПУР быў выключаны пункт 169: «Падпіска можа быць аформленая на імя асобы, што ўтрымліваецца пад вартай, яго роднымі ці іншымі асобамі».

«У сувязі з чым, афармленне падпіскі ў аддзяленні сувязі ажыццяўляе супрацоўнік СІЗА за кошт сродкаў асобы, што ўтрымліваецца пад вартай, знаходзячыхся на асабовым рахунку. <…> Раней аформленны перыядычны друк на лістапад і снежань 2021 года будзе ўручаны адрасату», — падкрэсліваецца ў адказе начальніка СІЗА-1.

Кніга аб жыцці беларускамоўных беларусаў

Аліна Нагорная напісала кнігу пра тое, як беларускамоўным беларусам даводзіцца выжываць у Беларусі. Як выявілася, не так і лёгка: выданне змяшчае больш за 100 гісторый пра дыскрымінацыю беларусаў на падставе ўжывання імі дзяржаўнай мовы. Назва выдання — «Мова 404». Як пераканаць чыноўнікаў прытрымлівацца закону і што найперш — мова ці змены ў краіне, аўтарка распавяла Hrodna.life.

Івашыну патрэбен доктар, а Vadimati прад'явілі канчатковае абвінавачванне. Як прайшоў тыдзень у Гродне і вобласці
Выйшла кніга аб парушэннях правоў беларускамоўных у Беларусі. «Нельга вырашыць праблему, якой не відаць», — мяркуе аўтар

Гібель расійскіх дэсантнікаў

У час высадкі вайскоўцаў 12 лістапада на Гожскім палігоне пад Гродна загінулі два дэсантнікі расійскіх войскаў. Гэта адбылося з-за моцнага парыву ветру. Каля зямлі адбылося сыходжанне двух парашутыстаў. Яны мелі высокую кваліфікацыю інструктараў.

Дзіця мігрантаў у хірургіі

Дзіця-мігрант знаходзіцца ў хірургічным аддзяленні Гродзенскай абласной дзіцячай клінічнай бальніцы. Аб гэтым 11 лістапада Hrodna.life паведаміла крыніца. Пазней афіцыйна паведамілі, што беларускія медыкі аказалі дапамогу 12-гадовай дзяўчынцы-бежанцы. Дзяўчынка паступіла ў бальніцу з дыягназам «востры гастрыт» у суправаджэнні 20-гадовай сястры. Медыкі аказалі дзіцяці ўсю неабходную дапамогу, зараз дзяўчынка знаходзіцца ў здавальняючым стане.

Сайт праваабаронцаў «Гарадзенская вясна» прызналі экстрэмісцкім

Суд Ленінскага раёна Гродна 5 лістапада прызнаў экстрэмісцкім сайт і сацыяльныя сеткі «Гарадзенскай вясны». Інфармацыя аб рашэнні суда ўнесена ў Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.

Акцёр Сяргей Курыленка распавёў пра пратэст і пераезд

Заслужаны артыст Беларусі, акцёр і рэжысёр Сяргей Курыленка даў інтэрв'ю Руслану Кулевічу ў праекце «Мы вернемся». Відэа з’явілася на YouTube 10 лістапада. Акцёр распавёў аб пратэсце, пераездзе, тэатры і палітыцы. Рэдакцыя Hrodna.life запісала самыя цікавыя цытаты з інтэрв'ю.

Сергей Куриленко в программе Руслана Кулевича "Мы вернемся"
Сяргей Курыленка ў праграме Руслана Кулевіча «Мы вернемся»

Прэмія Ядкоўскага ў Гродне

Лаўрэатам Узнагароды імя Юзафа Ядкоўскага за 2021 год прызналі гродзенскага гісторыка Дзмітрыя Люціка. Дзмітрый Люцік — даследчык ваеннай гісторыі Гродна ХХ стагоддзя і выкладчык у гімназіі № 4. Сёлета ўжо другі раз уганараванне праходзіць без урачыстага ўручэння.

Івашыну патрэбен доктар, а Vadimati прад'явілі канчатковае абвінавачванне. Як прайшоў тыдзень у Гродне і вобласці
Дзмітрый Люцік. Фота: Facebook лаўрэата

Мігранты на беларуска-польскай мяжы

Раніцай 8 лістапада вялікая група мігрантаў з рэчамі рушыла ў напрамку памежнага пераходу Брузгі-Кузніца Беластоцкая. Мігранты разбілі палаткі і паляць вогнішчы на мяжы. З тых часоў адбылося вось што:

  • Польшча часткова закрыла мяжу з Беларуссю;
  • Літва ўводзіць надзвычайнае становішча;
  • Еўрасаюз дамаўляецца з Мінскам, каб рэпатрыяваць мігрантаў праз Гродзенскі аэрапорт;
    Мігрантаў з Блізкага Усходу не будуць пускаць на самалёты з Турцыі ў Беларусь.

Больш падрабязную інфармацыю чытайце на Hrodna.life пад тэгам «міграцыя».

Польская паліцыя ахоўвае мяжу з Беларуссю. Фота: podlaskaPolicja
Польская паліцыя ахоўвае мяжу з Беларуссю. Фотаздымак: podlaska Policja

Коратка:

  • Гродзенская падатковая шукае «шэрыя» зарплаты праз даведкі для растэрміноўкі.
  • Гродзенскі музыка Алесь Дзянісаў выступіў у Варшаве.
  • Палітвязень Ігар Банцэр атрымаў пераклад на беларускую мову гімна «Ліверпуля», які зрабіў палітвязень Андрэй Аляксандраў.
  • Медыкі зноў гавораць аб фэйкавай вакцынацыі ў Гродне і спробах купіць сертыфікат аб вакцынацыі ад COVID-19.