У ноч з 15 на 16 лістапада распачнуцца працы па замене дэфармацыйных швоў на Старым мосце. Рух транспарту па мосце перакрываць цалкам не будуць. Працы будуць выконваць паэтапна, паведаміў «Гродно Плюс».

На першым этапе перакрыюць дзве паласы з боку будынка Беларускага Інстытута Правазнаўста. Плануецца, што на замену швоў на гэтых дзвюх палосах сыйдзе тры тыдні.

Рух перакрыюць, але не цалкам. У Гродне пачынаецца рамонт Старога моста
Стары мост у Гродне. Фота: wikipedia.org

Як доўга працягнецца рамонт і колькі гэта каштуе

Паводле праекта рамонтныя працы на Старым мосце будуць адбывацца да канца снежня. Кошт рамонту мусіць скласці прыкладна 438 тыс. рублёў. Іх возьмуць з гарадскога бюджэту.

Ідэі рэканструкцыі Румлёўскага, Старога і Новага мастоў абмяркоўваліся яшчэ ў 2018 годзе. У 2019 годзе мост на Паповіча (Новы) увайшоў у спіс 16 мастоў, якія будуць рэканструяваць за кошт рэспубліканскага бюджэту. Раней казалі, што працы не пачынаюць, бо неабходна завяршыць будаўніцтва Усходняга моста. Ён можа забраць на сябе частку трафіку пасля закрыцця аднаго з мастоў на рамонт, пісаў Autogrodno.by.