Супрацоўнік КДБ стаў кіраўніком на «Гроднаэнерга». Палітвязень у турме распісаўся са сваёй дзяўчынай. Hrodna.life вывучыў, што адбылося ў Гродне і вобласці ў першы тыдзень лістапада.

«Справа Зельцара»

Вязні па «справе Зельцара» ужо месяц утрымліваюцца на «каранціне»: для іх не прымаюць перадачы, да іх не пускаюць адвакатаў. У Жодзінскай турме № 8 з моманту пераводу затрыманых за каментары па «справе Зэльцэра» абвясцілі каранцін, з-за якога вязняў абмежавалі ва ўсім. Дакладную дату заканчэння каранціну супрацоўнікі не называюць. Па словах сваякоў, гэтае правіла тычыцца толькі тых, каго затрымалі менавіта за каментары, паведамляе «Вясна».

Супрацоўнік КДБ заняў кіруючую пасаду на прадпрыемстве «Гроднаэнерга»

Былы супрацоўнік КДБ Барыс Рагімаў будзе адказваць за бяспеку, рэжым і кадры на адным з самых буйных прадпрыемстваў Гродзеншчыны, паведамляе «Б**сат». У верасні 2021 года ён прыйшоў у «Гроднаэнерга» — і адразу стаў намеснікам генеральнага дырэктара, хоць раней наогул нічога агульнага з энергасістэмамі не меў.

У жніўні 2020 года супрацоўнікі «Гроднаэнерга» масава выступілі супраць фальсіфікацый, падтрымалі мірныя пратэсты і патрабаванне новых сумленных выбараў.

Вяселле ў турме

Палітвязень Ігар Бузук, асуджаны на два гады калоніі агульнага рэжыму, 3 лістапада распісаўся са сваёй дзяўчынай, паведамляе канал «Суды, задержания. Гродно и область». Гродзенца асудзілі на два гады калоніі агульнага рэжыму па арт. 370 КК «Здзек з дзяржаўных сімвалаў». Яго абвінавацілі ў тым, што ў ліпені 2021 года на Кургане славы ён замацаваў на флагштоку над чырвона-зялёным сцягам бел-чырвона-белы.

Вяселле ў турме, новы пракурор і чэкіст ў энергасістэме. Як прайшоў тыдзень у Гродне і вобласці
Ігар Бузук. Скрін з відэа прэс-службы МУС Беларусі

Ігар Банцэр зноў у калоніі

На мінулым тыдні Банцэра, якому прысудзілі 1 месяц і 25 дзён калоніі за парушэнне правілаў, вярнулі на «хімію». Прычына вяртання — адвакат Банцэра абскардзіў пастанову суда аб замене пакарання на больш жорсткае, паведамляе Б**сат.

Але 1 лістапада Банцэр зноў адправіўся ў калонію. Адміністрацыя «хіміі» палічыла, што ён дапусціў некалькі парушэнняў, пасля чаго яго змясцілі ў штрафны ізалятар. Прычым Банцэра забралі ў штрафны ізалятар нягледзячы на тое, што ў яго была тэмпература.

Затрыманні ў рэгіёнах і сталіцы

За «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў» і падпіску на план «Перамога» ў Лідзе затрымалі Андрэя Васюру. Затрымлівалі яго проста дома некалькі сілавікоў у экіпіроўцы. Мужчына сказаў на камеру, што ў яго каранавірус, але сілавікі на гэта не адрэагавалі.

Таксама затрымалі Дзмітрыя Бабіча з Ваўкавыска за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў». Пры затрыманні яго распранулі і паказалі «неанацысцкія» татуіроўкі. Таксама яго скруцілі, паклалі на зямлю і ўдарылі ў бок — на лбе ў затрыманага з’явілася кроў.

У Гродне затрымалі Івана Дуброўскага. З кастрычніка ён знаходзіцца ў СІЗА турмы № 1 Гродна, аднак праваабаронцы даведаліся пра яго толькі цяпер. Затрымалі Івана Дуброўскага 1 кастрычніка. Першы ператрус прайшоў яшчэ 24 верасня 2020 года. Тады ў яго забралі машыну і тэлефон. Сёлета пры другім ператрусе забралі яшчэ адзін тэлефон. Крымінальная справа ўзбуджаная па факце ўдзелу ў мірных пратэстах у Гродне 6 верасня 2020 года. Яго абвінавачваюць паводле ч.1 арт. 342 КК «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх». У Івана Дуброўскага ёсць жонка і двое дзяцей (пяць гадоў і паўгода).

У Слоніме затрыманыя 3 лістапада Дзяніс Жукоўскі, 5 лістапада — Іван Крывушын. Відавочцы паведамляюць, што затрыманне Івана было вельмі жорсткім і яго павезлі ў бок лесу. Дзе цяпер знаходзіцца мужчына — невядома, паведамляе Вясна.

38-гадовага інжынера-электрыка затрымалі ў Мінску. У кастрычніку 2020 года ён у Telegram-канале размясціў абразлівы каментар на адрас супрацоўніка гродзенскага АМАП, якога асабіста ня ведае. Верагодна, мінчуку пагражае арт. 369 КК. Пры затрыманні працаваў гродзенскі АМАП.

Судовыя працэсы ў Гродне

У Гродне на тыдні прайшлі тры судовыя працэсы паводле ч. 1 арт. 342 КК «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх», адзін — паводле арт. 369 КК «Абраза прадстаўніка ўлады» і адзін — ч. 1 арт. 293 «Масавыя беспарадкі».

Памятны знак Вітольду Ашурку

Знак усталявалі і асвяцілі ў беларускай царкве ў Антвэрпэне 31 кастрычніка. На яго сабралі 3,5 тысячы еўра, паведамляе «Наша Ніва».

Палітвязень з Бярозаўкі Вітольд Ашурак, якому 18 студзеня ў Лідзе на закрытым працэсе прысудзілі пяць гадоў калоніі агульнага рэжыму, памёр у шклоўскай калоніі. Яму было 50 гадоў. Ашурак быў сябрам Партыі БНФ, каардынатарам Руху «За Свабоду». За два тыдні да афіцыйнай даты смерці ад Вітольда перасталі прыходзіць лісты.

Вяселле ў турме, новы пракурор і чэкіст ў энергасістэме. Як прайшоў тыдзень у Гродне і вобласці
Памятны знак Вітольду Ашурку. Фота: Наша Ніва

Мастаку Алесю Пушкіну працягнулі тэрмін утрымання пад вартай

Алесь Пушкін будзе пад вартай да 30 студзеня 2022 года. Яго абвінавачваюць у «распальванні варожасці» і «рэабілітацыі нацызму» за партрэт беларускага антысавецкага партызана пасляваенных часоў. Пушкін знаходзіцца за кратамі з 30 сакавіка.

Яшчэ адзін суд за акцыю 6 верасня 2020 года

3 лістапада ў судзе Кастрычніцкага раёна Гродна пачаўся разгляд крымінальнай справы аб грубым парушэнні грамадскага парадку (арт. 342 КК) у дачыненні да 48-гадовага Сяргея Ключанскага. Гаворка ідзе пра акцыю пратэсту 6 верасня 2020 года. Старшынюе па справе суддзя Маргарыта Ланцэвіч, дзяржаўнае абвінавачанне падтрымлівае Ганна Кароль.

Аўтобуснаму парку Гродна нанесены ўрон на суму 20 рублёў 10 капеек, Гродзенскаму тралейбуснаму ўпраўленню нанесены ўрон на 51 рубель 59 капеек, а ўсяго — на агульную суму 71 рубель 69 капеек. Абвінавачаны прызнаў віну цалкам, за выключэннем заклікаў аб прычыненні гвалту ў дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі.

Даплаты за вакцынацыю

Вакцынаваныя ад COVID-19 работнікі Гродзенскага РУП «Фармацыя» атрымаюць па тры базавыя велічыні (87 рублёў). З такой прапановай да кіраўніцтва Гродзенскага РУП «Фармацыя» звярнуўся прафкам першаснай прафсаюзнай арганізацыі. Выплаты ад наймальніка ўжо атрымалі каля 450 работнікаў на агульную суму 33 000 рублёў. Для тых, каму прышчэпка супрацьпаказаная, прадугледжана выплата па адной базавай велічыні на вітамінізацыю.

Выстава у Беластоку

5 лістапада ў Беластоку адкрылася вулічная выстава «У беларусаў ёсць голас». Яна прысвечаная дзейнасці тых беларусаў, якія ў выніку рэпрэсій і пераследу апынуліся на Падляшшы. Выстава пры падтрымцы гарадскіх уладаў адкрылася ў самым цэнтры Беластока і будзе даступная да агляду амаль цэлы месяц — аж да 3 снежня, піша «Г***дзенская вясна».

Вяселле ў турме, новы пракурор і чэкіст ў энергасістэме. Як прайшоў тыдзень у Гродне і вобласці
Выстава «У беларусаў ёсць голас». Фота: «Г***дзенская вясна»

Суд за «Пагоню»

Жыхарку Мастоў Людмілу Ю. 5 лістапада асудзілі на 40 базавых велічынь (1160 рублёў) па арт. 24.23 КаАП за правядзенне адзіночнага пікетавання. Прычына — налепка з гербам «Пагоня» на фасадзе дома. Рашэнне вынес Віталь Сініла ў Мастоўскім раённым судзе, паведамляе «Г***дзенская вясна».

Сведкі па справе аб «здрадзе дзяржаве» з’ехалі з Беларусі

Каля 20 беларусаў, якія праходзяць сведкамі па справе «Рабочага Руху», пакінулі Беларусь. Такую лічбу называюць самі з’ехаўшыя. Пра ад’езд некаторым «намякнулі» знаёмыя ў сілавых структурах. Двое былых супрацоўнікаў «Гродна Азот» на ўмовах ананімнасці распавялі Hrodna.life, як іх дапытвалі ў КДБ, што канфіскавалі пры ператрусе і чаму яны з’ехалі.

Вяселле ў турме, новы пракурор і чэкіст ў энергасістэме. Як прайшоў тыдзень у Гродне і вобласці
Работнікі «Гродна Азот» падчас пратэстаў у жніўні 2020 года. Фота: чытачы Hrodna.life

Атэстацыя адвакатаў

Адвакат палітвязня журналіста Анджэя Пачобута Аляксандр Бірылаў паказаў «няпоўную адпаведнасць патрабаванням заканадаўства» на думку Кваліфікацыйнай камісіі. Яго чакае адтэрміноўка атэстацыі на паўгода. Інфармацыю пра гэта размясціў Мінюст. Чарговая атэстацыя адвакатаў Гродзенскай абласной і Мінскай гарадской калегій адвакатаў прайшла 28 кастрычніка.

Адвокат Александр Бирилов. Фото: facebook.com/albirilov​
Адвакат Аляксандр Бірылаў. Фота: facebook.com/albirilov​

YouTube-канал гродзенскай «табачкі» недаступны

Сэрвіс YouTube заблакаваў афіцыйныя каналы некаторых беларускіх прадпрыемстваў і ўстаноў, якія трапілі пад санкцыі ЗША. Сярод іх аказаліся і каналы Гродзенскай тытунёвай фабрыкі «Нёман» і лідскай «Лакафарбы». Праўда, не ўсе: каналы падшэфных прадпрыемстваў даступныя.

Разбіўся Ан-12 з пасажырамі з Гродна

Грузавы самалёт Ан-12 знік з радараў над Іркуцкай вобласцю 3 лістапада. Ён належаў авіякампаніі «Гродна» і перавозіў прадукты. Па ўдакладненых дадзеных, на борце было дзевяць чалавек. Сярод іх трое грамадзян Беларусі: Андрэй Сяргееў, Дзмітрый Гарманенка і Максім Карпаў.

Авіяінжынер Карпук Максім — самы малады з загінулых членаў экіпажа. Яму было 26 гадоў. СМІ пішуць, што хлопец родам з Зэльвенскага раёна, пасля заканчэння акадэміі жыў у Гродне і працаваў у мясцовай авіякампаніі.

Што сказаў аб масках старшыня аблвыканкама

Падчас сустрэчы са студэнцкім актывам ГрДУ імя Янкі Купалы 2 лістапада старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Каранік сказаў, што Гродзеншчына выходзіць на плато па росту захварэлых на COVID-19, але заклікаў не «ўключаць рэжым несмяротнасці», а насіць маскі. Сам старшыня аблвыканкаму і большасць прысутных былі без масак.

Прызначаны новы пракурор Гродзенскай вобласці

Новага пракурора Гродзенскай вобласці прызначылі 3 лістапада. Ім стаў палкоўнік юстыцыі Аляксандр Жукаў. Раней ён займаў пасаду кіраўніка Упраўлення Дзяржаўнага камітэта судровых экспертыз па Гродзенскай вобласці. Неафіцыйная інфармацыя аб прызначэнні Аляксандра Жукава на пост пракурора Гродзенскай вобласці з’явілася 2 лістапада у набліжаным да сілавікоў Telegram-канале, за дзень да афіцыйнага прызначэння.

Вяселле ў турме, новы пракурор і чэкіст ў энергасістэме. Як прайшоў тыдзень у Гродне і вобласці
Аляксандр Жукаў. Фота: prokuratura.gov.by

Коратка:

  • У Гродне зноў з’явілася кітайская вакцына ад каранавіруса.
  • Адзін — таксіст, другая — бармэнка. Гродзенскія акторы расказалі пра жыццё ў эміграцыі.
  • Выношваў ідэю ўсё жыццё: праваабаронца з Гродна напісаў раман пра каханне
  • Фотавыставу Наталіі Дораш «Карані» адкрылі ў Вільні. Здымкі глядзелі пад вершы Ларысы Геніюш.
  • Стары замак нарэшце адкрылі. Глядзіце, як ён выглядае звонку і ўнутры.