Аўкцыён па продажы Дома афіцэраў у Гродне быў запланаваны на 8 лістапада. Аўкцыён не адбыўся — на яго не заявіліся патэнцыйныя пакупнікі, паведамляе «Вечерний Гродно». Аб’ект не могуць прадаць ужо шэсць гадоў, нягледзячы на паніжэнне цаны. Ужо была 18-я спроба правесці аўкцыён па аб’екце — кошт знізілі на 80%.

Яго маглі рэканструяваць пад будынак грамадска-дзелавога прызначэння. Пераможца аўкцыёну абавязаны быў падпісаць ахоўнае абавязацельства на матэрыяльную нерухомую гісторыка-культурную каштоўнасць. Правесці капітальны рамонт або рэканструкцыю і ўвесці будынак у эксплуатацыю трэба было на працягу чатырох гадоў.

Дом афіцэраў - нежылы чатырохпавярховы цагляны будынак з падвалам і прыбудовай. Пабудаваны ў 1930 годзе, тамбуры з’явіліся ў 1973. Плошча — 5039,1 кв. м. Частка будынка здаецца ў арэнду. Гэта першы будынак, узведзены ў Гродне ў стылі канструктывізму (1924−1926). Ён прызначаўся для ваенізаванай арганізацыі «Стралковы саюз» і называўся Дом стралка. З верасня 1939 года будынак выкарыстоўваўся як гарнізонны Дом афіцэраў. У пасляваенныя гады яго зала была адной з галоўных канцэртных пляцовак горада.

Чытайце таксама: Дом афіцэраў у Гродне паспрабуюць прадаць з аўкцыёну. У гэты раз — з паніжэннем кошту на 80%