Раніцай 8 лістапада вялікая група мігрантаў з рэчамі вырушыла ў накірунку памежнага перахода Брузгі - Кузніца Беластоцкая, паведаміў Памежны камітэт Беларусі. Фота і відэа сотняў мігрантаў апублікавалі многія тэлеграм-каналы.

На момант публікацыі мігранты не дайшлі да КПП «Брузгі». Яны звярнулі ў лес. На мяжу прыехалі вайскоўцы, таксама туды накіроўваецца калонна аўтазакаў. Таксама на мяжы заўважылі чалавека падобнага да Кіраўніка міліцыі грамадскай бяспекі УВД Гродзенскага гарвыканкама Віталія Стасюкевіча, які летась кіраваў разгонам пратэстаў у Гродне.

Па словах беларускіх памежнікаў, большая частка мігрантаў перайшла мяжу з Польшчай. Але Міністэрства абароны Польчшы апублікавала відэа з верталёта, на якім бачна, што мігранты знаходзяцца на тэрыторыі Беларусі.

Беларускія памежнікі: вінаваты польскі бок

«Памежная стража Польшчы неаднакратна рапартавала аб тым, як тысячамі выцясняе мігрантаў да мяжы з Беларуссю. На падобны крок адчаю бежанцаў вымусіла абыякавасць і бесчалавечныя адносіны польскіх уладаў», — напісаў у сваім Telegram-канале Памежны камітэт Беларусі.

Калону мігрантаў суправаджаюць людзі ў вайсковай форме са зброяй. Памежны камітэт патлумачыў гэта тым, што «прымаюцца неабходныя меры для забеспячэння бесперабойнага функцыявання каналаў міжнародных зносінаў, а таксама бяспекі людзей, што рухаюцца па аўтамагістралі».

МЗС Польшчы: Службы былі падрыхтаваныя да такога

«Па той бок мяжы ёсць жаданне выклікаць вялікі інцыдэнт, пажадана са стрэламі і смерцямі», — сказаў віцэ-міністр замежных спраў Польшчы Пётр Ваўжык. — Па другі бок мяжы няма разумення таго, што адбываецца. Там перакананыя, што яны адбіваюць нейкі напад".

Віцэ-міністр заявіў, што польскія службы былі падрыхтаваныя да такога развіцця падзеяў і будуць рэагаваць адэкватна.

«Пачалася найбуйнейшая спроба гвалтоўнага ўваходу ў Польшчу, — сказаў прэс-сакратар міністра-каардынатара польскіх спецслужбаў Станіслаў Жарын.

Колькі доўжыцца міграцыйны крызіс

Падчас зварота да парламента 26 траўня, Аляксандр Лукашэнка казаў пра паслабленне кантролю на мяжы і наўпрост заявіў: «Мы спынялі наркотыкі і мігрантаў - зараз будзеце самі іх есць і лавіць». Міністр замежных справаў Літвы Габрыэлюс Ландсбергіс назваў гэта адкрытай пагрозай. Пра тое, што Беларусь абмяжоўвае краіны ЕС ад наплыву мігрантаў, Лукашэнка гаварыў не адзін раз. Верагоднасць таго, што Беларусь у адказ на санкцыі Запада пачне прапускаць мігрантаў таксама разглядалася экспертамі яшчэ ў 2011 годзе.

Паток мігрантаў з Блізкага Усходу павялічыўся ў траўні. Польскія і літоўскія памежнікі штодзённа фіксуюць сотні спробаў незаконнага перасячэння мяжы. Памежная служба Беларусі ніяк не рэагуе і не спыняе парушальнікаў.

У канцы жніўня польскія ўлады абвесцілі, што пабудуюць плот на мяжы з Беларуссю. У ліпені пра будаўніцтва агароджы абвесцілі Літва і Латвія. У памежных раёнах Польшчы з 2 верасня ўлады абвесцілі надзвычайнае становішча з-за міграцыйнага крызісу.

Штодзённа вялікія групы мігрантаў бачаць у Мінску. У Гродне часцей за ўсё іх сустракаюць каля гатэляў і хостэлаў. У бліжэйшыя месяцы Беларусь плануе арганізаваць дадатковыя палёты з Бліжняга Усходу. Гэта тычыцца і рэгіальных аэрапортаў, перадусім Гродна.

З пачатка году польскія памежнікі зафіксавалі больш за 30 тыс. спробаў незаконнага перасячэння польска-беларускай мяжы. З якіх амаль 17.3 тыс. у кастрычніку, амаль 7,7 тыс. у верасні і больш за 3,5 тыс. у жніўні.