Палітвязень Дзяніс Івашын праходзіць падазраваным па ч. 1 арт. 356 КК «Здрада дзяржаве» і па арт. 365 «Умяшанне ў дзейнасць супрацоўніка органаў унутраных спраў». Гэта вынікае з адказу КДБ жонцы Дзяніса Вользе.

Адказ даслаў начальнік упраўлення Камітэта дзяржбяспекі па Гродзенскай вобласці Варанецкі А. І. Раней аб гэтым артыкуле паведаміў Telegram-канал, блізкі да сілавікоў. Дзянісу Івашыну па гэтым артыкуле пагражае ад сямі да пятнаццаці гадоў пазбаўлення волі.

Зараз афіцыйна: палітвязень журналіст Дзяніс Івашын падазраецца ў «здрадзе дзяржаве»
Адказ КДБ аб абвінавачванні Дзяніса Івашына. Фота: Вольга Івашына

Артыкул 356. Здрада дзяржаве

Выдача замежнай дзяржаве, міжнароднай альбо замежнай арганізацыі ці іх прадстаўніку дзяржаўных сакрэтаў Рэспублікі Беларусь, а таксама звестак, якія складаюць дзяржаўныя сакрэты іншых дзяржаў, перададзеных Рэспубліцы Беларусь у адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь, альбо шпіянаж, альбо пераход на бок ворага падчас вайны або ўзброенага канфлікту, альбо іншае аказанне дапамогі замежнай дзяржаве, міжнароднай альбо замежнай арганізацыі ці іх прадстаўнікам у правядзенні дзейнасці, накіраванай на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь, наўмысна здзейсненыя грамадзянінам Рэспублікі Беларусь (здрада дзяржаве), караюцца пазбаўленнем волі на тэрмін ад сямі да пятнаццаці гадоў са штрафам або без штрафу.


Журналіста Дзяніса Івашына затрымалі увечары 12 сакавіка. З таго часу ён знаходзіцца пад вартай. У яго дома, на лецішчы, а таксама ў бацькоў супрацоўнікі КДБ правялі ператрус. Раней было вядома, што Дзяніс праходзіць падазраваным паводле арт.365 КК — Умяшанне ў дзейнасць супрацоўнікаў органаў унутраных спраў. Яго прызналі палітвязнем. Ён не стаў пісаць ліст Лукашэнку аб памілаванні. 2 верасня яму высунулі новае абвінавачванне.