Супраць гродзенскага блогера Вадзіма Ермашука пачалі новую адміністрацыйную справу па арт. 19.11 КаАП «Распаўсюд, выраб, захоўванне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці або якая прапагандуе такую дзейнасць». Пра гэта 26 кастрычніка напісала ў Instagram яго сяброўка. 14 кастрычніка яго ўжо асудзілі па тым жа артыкуле на 20 сутак адміністрацыйнага арышту.

Вадзіма этапавалі з ізалятара ў Шчучыне ў СІЗА турмы № 1 Гродна. У камеры, дзе яго ўтрымліваюць, знаходзіцца 15 чалавек. Вадзім пагаліўся нагала.

29 кастрычніка Вадзім адзначыць Дзень нараджэння.

Вадзім Ермашук — Instagram-блогер і прадавец на рынку «Карона». Актыўна займаецца рэкламай мясцовага бізнесу. 27 кастрычніка 2020 года яго асудзілі на штраф у 20 базавых велічынь (тады — 540 рублёў) у судзе Кастрычніцкага раёна за марш гродзенцаў 30 жніўня. Вадзім выказваўся супраць гвалту, падтрымліваў палітвязняў і наведваў суды па «палітычных» працэсах. Называе сябе «народным дэпутатам» і здымае ў гэтым вобразе відэа.

Vadimati затрымалі 16 жніўня ў Шчучыне. Яго асудзілі па адміністрацыйных артыкулах за незаконныя масавыя мерапрыемствы, дробнае хуліганства і распаўсюд экстрэмісцкай інфармацыі. Пакуль Ермашук знаходзіўся ў ізалятары, на яго завялі дзве крымінальных справы. Першую — нібыта за «Абразу прэзідэнта» (368 КК), другую — за «Здзек з дзяржаўных сімвалаў» (370 КК). Па першым артыкуле яму пагражае да чатырох гадоў пазбаўлення волі, па другім — да трох. Таксама закрыўся павільён на рынку «Корона», дзе ён гандляваў адзеннем.