Экспазіцыя Гродзенскага гісторыка-археалагічнага музея ў Старым замку будзе цалкам новай. У ёй запланавана шмат інтэрактыўных элементаў: інфакіёскі, аб’ёмныя праекцыі, агучаныя відэасюжэты, якія будуць без перапынку паказваць у памяшканнях, вітрыны з 3D-мадэлямі артэфактаў, якія можна будзе «пакруціць» рукамі. Да адкрыцця рыхтуюць шэсць залаў.

Якім будзе інтэрактыў

У экспазіцыі будзе больш за 10 разнастайных інфакіёскаў, піша zviazda.by. Іх усталююць па перыметры памяшканняў, адноўленых у межах першай чаргі рэканструкцыі Старога замка. Кожны з іх будзе захоўваць асобную частку звестак з адзінага аповяду пра гісторыю Гродзенскай крэпасці і караля Стэфана Баторыя. Інфакіёскі будуць двух тыпаў: празрыстыя інтэрактыўныя панэлі, ўмантаваныя ў экспазіцыйныя вітрыны і стандартныя інфарматыўныя панэлі са звесткамі пра падзеі, людзей і іх заняткі.

Акрамя таго, ў залах зробяць відэа- або 3D-праекцыі. Агучаныя сюжэты з гісторыі Гродна і Замкавай гары будуць паказваць бесперапынна. Такім чынам у наведнікаў мусіць з’явіцца пачуццё прысутнасці ў замку ў розныя ягоныя эпохі. Госці музея змогуць перамясціцца ў сярэднявечны горад і ў горад часоў Стэфана Баторыя.

Знаходкі, якія можна пакруціць, і тэматычныя інтэрфэйсы

У адным з інфакіёскаў змясцілі інфармацыю пра ўсе артэфакты, якія знайшлі на замку ў час раскопак пры падрыхтоўцы да рэкантструкцыі. Там жа размясцілі 3-D мадэлі і ранейшых важных знаходкак: шахматных фігур князя Вітаўта і фрагментаў гульнёвай дошкі, падвесак, грыўнаў і пражскіх грошаў, пярсцёнкаў-пячатак і залатых пярсцёнкаў XIV стагоддзя. Любую са знаходак можна будзе дэталёва разгледзець праз інтэрактыўную панэль, павярнуць, наблізіць ці аддаліць.

Кожная інфармацыйная вітрына прысвечана пэўнай тэматыцы. Спецыяльна пад яе распрацаваны і інтэрфэйс праграмы з дадатковымі звесткамі аб прадметах за шклом. Гэта можа быць кароткая гістарычная даведка аб рамёствах, частках узбраення, прадметах побыту.

Шэсць залаў з інфакіёскамі і відэапраекцыямі. Чаго чакаць ад Старога замка
Усю інфармацыю плануюць перакласці на шэсць моў - беларускую, рускую, англійскую, польскую, літоўскую і кітайскую. Фота: zviazda.by

А што акрамя інтэрактыву?

Першая зала будзе прысвечана гісторыі Замкавай гары і будаўніцтву Гродзенскага замка. Там будуць прадстаўленыя будаўнічыя матэрыялы: позняя цэгла, маёлікавая плітка, плінфа, кафлі і ўнікальныя элементы партала з часоў Баторыя. Інфакіёскі раскажуць пра розныя перыяды будаўніцтва замка: старажытнарускі, гатычны замак, замак Баторыя.

Шэсць залаў з інфакіёскамі і відэапраекцыямі. Чаго чакаць ад Старога замка
Інфармацыі ў экспазіцыі шмат. Фота: zviazda.by

Адна з залаў з інтэрактыўнымі вітрынамі раскажа пра Гродзенскі дзяцінец XII-XIII стагоддзя і барацьбу з крыжакамі. Праектары будуць паказваць агучаныя сцэны бітваў і бытавых замалёвак з гісторыі горада і Замкавай гары, сюжэты жыцця ў Гродзенскім дзяцінцы.

У зале, прысвечанай каралю Стэфану Баторыю, у інфакіёсках экспазіцыю дапоўняць расповедам пра тое, што ў ёй не адлюстравана. Гэта тое, як Баторый стаў каралём, у якіх бітвах удзельнічаў, як змяніў войска, якім быў палітыкам. Там будуць і хронікі, і арыгінальныя летапісныя згадкі.

У «мернай ізбе» размясцілі майстэрню друкара гравюр і друкарскі станок, які зрабілі адмыслова для Старога замка. Пакуль ён будзе працаваць для асобных замоваў, а наведнікі змогуць рабіць адбіткі з палімерных формаў. Запланаваныя і майстар-класы для дзяцей і дарослых. Таксама будзе экспанавацца адноўленая гравюра Тамаша Макоўскага 1600 года. На яе арыентаваліся аўтары рэканструкцыі Старога замка.

Шэсць залаў з інфакіёскамі і відэапраекцыямі. Чаго чакаць ад Старога замка
Друкарскі станок вырабілі адмыслова для музея. Фота: Facebook гісторыка і супрацоўніка музея Андрэя Вашкевіча

Інтэр'ераў пакуль не будзе: памяшканні, дзе яны размесцяцца, застануцца пустымі, расказалі ў музеі раней.

Экспазіцыю ў абноўленым Старым замку абяцаюць адкрыць для наведнікаў у пачатку лістапада. Адкрыццё анансуюць ужо трэці раз з вясны 2021 года, але дагэтуль яго штораз адкладалі.

Чытайце таксама: Будет ли музей во Дворце текстильщиков? Проект на паузе, здание могут выставить на аукцион