У Гродзенскай вобласці зараз больш нізкі ўзровень захворвання каранавірусам і пнеўманіямі, чым год таму, сказаў старшыня аблвыканкама і колішні міністр аховы здароўя Уладзімір Каранік. Пры гэтым колькасць хворых у Беларусі за суткі 20 кастрычніка — самая высокая за ўвесь час вядзення афіцыйнай статыстыкі Міністэрства аховы здароўя.

«Думаю, гэта [нізкі ўзровень захворвання] дасягнута дзякуючы таму, што апошнія месяцы паўтара актыўна праводзіцца праграма вакцынацыі», — сказаў ён па відэасувязі 19 кастрычніка на нарадзе ў Аляксандра Лукашэнкі па эпідэміялагічнай сітуацыі і мерах барацьбы з каранавірусам. Паводле яго слоў, колькасць прышчэпленых у вобласці наблізілася да 30%, піша «Гродзенская праўда». Сярод іх прышчэплена першым кампанентам больш за 90% медперсаналу і сацработнікаў, 77% педагогаў, вакцынаваліся больш за палова работнікаў гандлю і грамадскага харчавання, сярод людзей, старэйшых за 61 год, прышчапіліся больш за 60%.

Чытайце таксама: Фейковая вакцинация в Гродно: почему люди прививаются по документам, но не по-настоящему?

З мінулага тыдня ў рэгіёне намеціўся спад захворвання на вострыя рэспіраторныя інфекцыі ў дарослых, таксама адзначыў Каранік. «Гэта пазітыўны момант, які часта сведчыць аб некаторым згасанні эпідпрацэсу. Калі гэтая станоўчая тэндэнцыя захаваецца, то можна будзе зрабіць выснову, што мы дасягнулі піка захворвання». У Гродзенскай вобласці выкарыстоўваецца каля 34% ложкавага фонду і працягваюцца планавыя аперацыі, распавёў ён.

Чытайце таксама: В Беларуси из-за коронавируса приостановили плановую медпомощь. Какая ситуация в Гродно

Сістэма аховы здароўя не перагружаная і мае магчымасць «без надрыву» аказваць усю неабходную і кваліфікаваную дапамогу ўсім пацыентам, якія маюць патрэбу, дадаў на нарадзе памочнік Лукашэнкі па Гродзенскай вобласці Юрый Караеў.

Каранік: у вобласці сітуацыя з каранавірусам лепшая, чым год таму. Мінздароўя: у Беларусі рэкордны прырост захварэлых
У бальніцы. Фота ілюстрацыйнае, крыніца: «Гродзенская праўда»

Цяперашні міністр аховы здароўя Дзьмітры Піневіч 19 кастрычніка казаў, што зараз Беларусь знаходзіцца на піку ўжо 3,5−4 тыдні. Па яго словах, у Гродзенскай вобласці сярод рэгіёнаў сітуацыя найменш напружаная. Яшчэ 20 верасня ён адзначаў, што Беларусь знаходзіцца амаль на самых высокіх лічбах мінулых хваляў каранавіруса. Паводле інфармацыі Міністэрства аховы здароўя, 20 кастрычніка зафіксавалі самы высокі сутачны прырост за ўвесь час пандэміі ў Беларусі: 2 076 новых пацыентаў з COVID-19.

Апошні раз лічбы аб тых, хто захварэў у Гродна публікавалі 7 верасня 2021 года — пасля амаль гадавога перапынку.

Дык колькі ж цяпер хворых на каранавірус?

На 16 кастрычніка ў Беларусі было перапрафілявана пад каранавірус 32 тысячы ложкаў (траціна ложкавага фонду), пры гэтым з іх свабодна — 2,5 тысячы ложкаў. Пра гэта Дзмітрый Піневіч расказаў в сюжете на АНТ. Зыходзячы з гэтых лічбаў, на той момант у бальніцах з дыягнаставаным каранавірусам знаходзілася 29,5 тысяч пацыентаў. Ён адзначыў, што"досыць вялікая колькасць пацыентаў, з пнеўманіямі ў тым ліку, праходзяць лячэнне амбулаторна".

Афіцыйная ж статыстыка Міністэрства здароўя па краіне за 16 кастрычніка паказвала іншыя лічбы: захварэлі 570 006 чалавек, ачунялі 543 072 чалавекі, і памерлі 4 386. Адпаведна, у Беларусі было зарэгістравана 22 548 пацыентаў, хворых каранавірусам на той момант — на 6 952 чалавек больш, чым шпіталізавана паводле інфармацыі Піневіча.

Каранік: у вобласці сітуацыя з каранавірусам лепшая, чым год таму. Мінздароўя: у Беларусі рэкордны прырост захварэлых
У інфекцыйнай бальніцы Гродна. Скрыншот рэпартажу «Гродно Плюс»

У Гродзенскай вобласці для аказання медыцынскай дапамогі пацыентам з каранавірусам перапрафіляваныя 3 233 ложкаў з 9 678. У Гродне гэта абласная інфекцыйная бальніца, абласная клінічная бальніца медыцынскай рэабілітацыі, гарадская бальніца № 2, Гарадская клінічная бальніца, часткова — ГОКЦ «Фтызіятрыя», Гродзенская універсітэцкая клініка і Гродзенскі абласны кардыялагічны цэнтр.

«Не здзекавацца» і вярнуць планавую меддапамогу. Што яшчэ вырашыў Лукашэнка

На нарадзе 19 кастрычніка Лукашэнка рэзка асудзіў кантроль за нашэннем масак у грамадскіх месцах з міліцыяй, назваўшы гэта «здзекам з людзей», і тое, што ў Брэсцкай вобласці пачалі штрафаваць за адсутнасць маскі. «Кожны чалавек павінен распараджацца сваім лёсам так, як ён лічыць патрэбным», — сказаў ён. Міністру аховы здароўя Дзмітрыю Піневічу ж ён сказаў" вярнуцца да таго, што рабілі ў першую хвалю".

Акрамя таго, ён даручыў адмяніць прыпыненне планавай меддапамогі. Рашэнне аб гэтым прынялі ўсяго за дзень да нарады ў Лукашэнкі. Гэта зрабілі, каб павысіць частату выяўлення COVID-19 у хворых, забяспечыць ім своечасовую шпіталізацыю, павялічыць колькасць кантактных брыгад на выездах і засцерагчы здаровых людзей ад дадатковых рызык, патлумачыў тады начальнік Галоўнага ўпраўлення арганізацыі меддапамогі Міністэрства аховы здароўя Аляксей Шчарбінскі.

Як у суседзяў?

У Маскве з-за росту захворвання каронавірусам з 25 кастрычніка і да 25 лютага увядуць новыя абмежаванні. Таксама прапануюць зрабіць дадатковыя выхадныя, непрывітым пенсіянерам сыходзіць у самаізаляцыю, а работнікам — на дыстанцыйны рэжым працы.

Латвія распачне жорсткі лакдаўн з 21 кастрычніка: з 20:00 да 5:00 уводзіцца каменданцкая гадзіна, будуць зачыненыя ўсе крамы, акрамя крамаў з таварамі першай неабходнасці, закрыюць цырульні і грамадскае харчаванне, забароняць спартыўныя і культурныя мерапрыемствы, абмяжуюць сходы, а школьныя канікулы падоўжаць на тыдзень.

У Літве маскі трэба насіць ва ўсіх грамадскіх памяшканнях, а непрывітым забаронена наведваць гандлёвыя цэнтры і нехарчовыя крамы. У кафэ, праўда, пускаюць і па свежым негатыўным ПЦР.

У Польшчы трэба насіць маскі ў закрытых памяшканнях і выконваць сацыяльную дыстанцыю.

На 20 кастрычніка за суткі ў Беларусі былі зарэгістраваныя 2 076 новых пацыентаў з COVID-19, выпісаныя — 2 151 пацыентаў, памерлі 17 чалавек, інфармуе Мінздароўя. Агулам, паводле афіцыйнай статыстыкі, з пачатку пандэміі ў Беларусі былі зарэгістраваныя 577 932 чалавекі са станоўчым тэстам на COVID-19, ачунялі 550 100 пацыентаў, памерлі 4 449 чалавек.