Палітвязень з Гродна Дзмітрый Фурманаў 21 кастрычніка выйшаў на волю з ПК-3 у гарадскім пасёлку «Віцьба». Ён цяпер на шляху дадому з бацькамі. Амаль увесь час у калоніі пасля пераводу з СІЗА № 1 Гродна ён правёў у карцэры.

Hrodna.life удалося коратка пагутарыць з Дзмітрыем. Ён распавёў, што адчувае сябе добра. Паводле графіку ён павінен быў выходзіць з калоніі 22 кастрычніка, таму пакуль «знаходзіцца ў невялікай разгубленасці», а дома яго чакае «шмат спраў». Пакуль ён знаходзіўся ў ШЫЗА, лісты яму не перадавалі. Лепш за ўсё яны ішлі ў гродзенскай турме, на «Валадарцы» і ў Жодзіна — горш.

З 3 верасня Дзмітрый знаходзіўся ў камеры адзін без перадач і магчымасці адпраўляць і атрымліваць лісты. Карцэр яму працягвалі аж да вызвалення. Бацька Фурманава Аляксандр паспрабаваў высветліць прычыны гэтага на сустрэчы з адміністрацыяй калоніі.

Дзмітрый Фурманаў — палітвязень, якога асудзілі па «справе Ціханоўскага». Яго абвінавацілі паводле ч. 1 арт. 342 КК «Удзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак». Па словах пракурора, Фурманаў дапамагаў шукаць Ціханоўскаму саўдзельнікаў за ўзнагароджанне. Шэсць сутак ён і яго дзяўчына Вольга трымалі галадоўку. Улетку 2020 года дзяўчына і мама палітвязня абвяшчалі галадоўку, каб дапамагчы Дзмітрыю. Падчас судовага следства Дзмітрый правёў некалькі тыдняў у карцэры турмы № 1 Гродна. Пасля вынясення прысуду яго накіравалі ў ПК № 3 у гарадскім пасёлку Віцьба.

Дзмітрый праходзіў па «справе Ціханоўскага» з двума гродзенцамі. Уладзіміра Кнігу тады пакаралі чатырма гадамі калоніі ўзмоцненага рэжыму, Яўгена Разнічэнку — трыма з паловай гадамі калоніі агульнага рэжыму. Адпаведна, ім засталося «сядзець» яшчэ два і паўтара года.

Чытайце таксама: