Падчас хакейнага матча паміж гродзенскім «Нёманам» і «Гомелем», двое мужчын не ўсталі падчас выканання дзяржаўнага гімна. Здарэнне адбылося 15 кастрычніка, паведаміла МУС у сваім Twitter .

На заўзятараў склалі адміністрацыйныя пратаколы паводле арт. 24.54 КаАП (Незаконныя дзеянні ў дачыненні да дзяржаўных сімвалаў Рэспублікі Беларусь). Міліцыянеры палічылі, што такім чынам мужчыны 37 і 39 гадоў парушылі патрабаванні да выканання дзяржаўнага гімна. За гэта пагражае штраф да 15 базавых велічыняў (435 рублёў).

Што здарылася ў час матчу?

Падрабязнасці затрымання на матчы расказаў Hrodna.life адзін з відавочцаў, які пажадаў застацца ананімным.

«Перад пачаткам матчу выходзіць каманда, усе ўстаюць, вітаюць. Затым вядоўца кажа: „Гучыць дзяржаўны гімн Рэспублікі Беларусь! Прашу ўсіх устаць“. Хаджу на матчы 12 год і ніколі не было такога, каб прасілі», — расказаў заўзятар. З яго словаў, кампанія, што сядзела на шэраг ніжэй — мужчына з сынам гадоў 12-ці і яго сябры — у час гімну сядзела. Гэтым яны прыцягнулі ўвагу дзяжурнага супрацоўніка.

«Ён глядзіць на іх і па рацыі перагаворваецца, праз хвіліну выходзіць „амапавец-крапавік“, паказвае пальцам на гэтых хлопцаў, супрацоўнік ківае галавой. „Амапавец“ штосьці ім кажа і выводзіць за трыбуны. Праходзіць хвілін 10, вяртаецца хлопчык, затым бацька. Двое іх сяброў не вярнуліся».

Сведка здарэння кажа, што пасля такога больш не хоча хадзіць на матчы. Маўляў, настрой дастаткова псуецца ўжо ад асабістага агляду на ўваходзе, не хапала яшчэ быць затрыманым.

Ці былі такія выпадкі раней?

Журналіст Руслан Кулевіч, які хадзіў на матчы з канца 1990-х, а з 2011 года рэгулярна асвятляў падзеі спорту, сцвярджае, што падобных выпадкаў раней не было. Заўзятары ў час выканання гімна заўсёды ўставалі і ўздымалі шалікі з лагатыпамі сваіх камандаў.

«Фанаты ў знак пратэсту падчас выканання гімна маглі адвярнуцца і ніхто ім нічога не рабіў. Але каб аштрафаваць чалавека, які не ўстаў падчас гімна, гэта нешта новае. Заўсёды казалі, што спорт па-за палітыкай, але як паказвае сітуацыя, палітыка зацікавілася спортам», — кажа Кулевіч. Журналіст рэзюмуе, што апошнім часам на футбол і хакей у Гродне стала прыходзіць нашмат менш заўзятараў. Пасля такога выпадку трыбуны могуць стаць яшчэ пусцейшыя.

Гродзенскі грамадскі актывіст і заўзятар «Нёмана» Ежы Грыгенча пацвердзіў, што раней пратаколы за такое не складалі. «Я асабіста ніколі не ўставаў [у час гімна — Hrodna.life] і другіх падбіваў, і ўсё было добра».

Чаму заўзятары масава перасталі наведваць матчы?

Гродзенскія заўзятары пачалі байкатаваць матчы з 1 красавіка 2020 года. Прычынай стала спачатку пандэмія, а пазней сітуацыю абвострылі паслявыбарныя падзеі. Таму ў пачатку гульнявога сезона 2021 года заўзятары, у большасці, не вярнуліся на трыбуны. У той жа час павысілася пільнасць міліцыі на спартовых аб’ектах. 11 красавіка ў час праверкі перад гандбольным матчам быў затрыманы гродзенскі заўзятар Максім Губарэвіч. Прычынай паслужыла нашыўка з «Пагоняй» на куртцы. Нашыўку заўзятара папрасілі зняць, у яго дома правялі агляд. Тады ж ледзь не затрымалі дзяўчыну, у якой на тэлефоне была налепка з «Пагоняй».